Міліцыянты застрашваюць маці былога кандыдата ў дэпутаты ад МХД
У Бабруйску дадому да маці актывіста МХД, былога кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча 4 студзеня прыйшлі міліцыянты.
Актывіст адзначае, што не жыве і не прапісаны па гэтым адрасе ўжо больш за год.
“Распытвалі, дзе я жыву, працую. Казалі, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях і за гэта можа быць сур’ёзная адказнасць. Запужалі маці, узнялі нервы ды сышлі. Пайшлі па суседзях распытваць пра мяне ды распавядаць, які я злачынца”, – распавёў Зміцер Казакевіч.
Змітра Казакевіча 26 снежня аштрафавалі на 50 базавых велічынь за ўдзел у пратэсце 7 снежня. 18 лістапада яго аштрафавалі за пратэст у Курапатах, па выніках якога актывіста збілі міліцыянты ды пазбавілі рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.