Нацыянальная Рада БХД падтрымала пагадненне пяці дэмакратычных партыяў і пацвердзіла вылучэнне Севярынца (фота)

27 студзеня 2020 17:47  |  Галоўныя навіны

Нацыянальная Рада БХД падтрымала пагадненне пяці дэмакратычных партыяў і пацвердзіла вылучэнне Севярынца (фота)

 

Нацыянальная Рада Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі сваім рашэннем ухваліла пагадненне, падрыхтаванае кіраўніцтвам пяці дэмакратычных партыяў (АГП, ПБНФ, Рух за Свабоду, БСДП, БХД) і зацвердзіла працэдуру, прадугледжаную для абрання адзінага лідара апазіцыі ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года.

БХД будзе ламаць сцэнар фальсіфікацыяў, якія рыхтуюць у 2020 годзе Лукашэнка і Ярмошына.  

Беларускія хрысціянскія дэмакраты пацвердзілі, што вылучаюць сустаршыню БХД Паўла Севярынца партыйным прэтэндэнтам у палітычнай кампаніі 2020 года. 

Тэкст рашэння Нацыянальнай Рады:

РАШЭННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ АДНОСНА ПАЛІТЫЧНАЙ КАМПАНІІ 2020 ГОДА

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заяўляе, што “прэзідэнцкія выбары” 2020 года, якія рыхтуюць Лукашэнка і Ярмошына, насамрэч не з’яўляюцца свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Адсутнасць зменаў у выбарчае заканадаўства і шматгадовая практыка татальных фальсіфікацыяў ужо зараз дазваляюць зрабіць выснову, што рыхтуецца чарговы спектакль з  прызначэннем “прэзідэнта”. 

Мы лічым, што Аляксандр Лукашэнка пасля 25-гадовага беззаконнага кіравання, поўнага фальсіфікацыяў, хлусні, стагнацыі эканомікі, пераследу іншадумцаў, справы зніклых – ня мае права вылучацца на выбарах. БХД заклікае беларусаў пратэставаць супраць вылучэння Лукашэнкі на беспрэцэдэнтны шосты тэрмін.

Найважнейшай задачай падчас кампаніі 2020 года БХД бачыць абарону інтарэсаў і правоў беларускіх грамадзянаў, правядзення  свабодных і справядлівых выбараў і сістэмных палітычных, сацыіяльных і эканамічных рэформаў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі мы таксама ствавім задачу данясення да грамадзян краіны інфармацыі пра сістэму масавых фальсіфікацый і адсутнасці ў Беларусі свабодных выбараў. Калі рэжым зноў правядзе спектакль з прызначэннем Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта – такія “выбары” не павінны быць прызнаныя. Разам з партнёрамі, у рамках кампаніі “Права выбару”, БХД арганізоўвае сістэму незалежнага назірання.

“Прэзідэнцкая” кампанія 2020 года, нягледзячы на зрэжысіраваны характар, прадстаўляе рэальную магчымасць змены ўлады – ва ўмовах падтрымкі большасцю беларускіх грамадзян адзінага дэмакратычнага лідара і гатоўнасці абараніць свой выбар, а таксама ў выпадку непрадбачаных узрушэнняў, знешняга ціску, праблемаў са здароўем правіцеля. Дэмакратычныя сілы абавязаныя быць гатовымі да такога сцэнару развіцця падзеяў – і дзеля гэтага БХД лічыць неабходным аб’яднанне апазіцыі вакол каманды пераменаў. Падчас кампаніі 2020 году мусіць быць прадстаўленая не толькі персанальная альтэрнатыва Лукашэнку, але і праграма сістэмных эканамічных і сацыяльных рэформаў, а таксама паэтапны план яе рэалізацыі.

Каб прадставіць персанальную альтэрнатыву рэжыму, мы лічым патрэбным разам з партнёрамі з АГП, Руху “За свабоду”, Партыі БНФ, БСДП ды іншымі сіламі правесці ў Беларусі шырокую кампанію дэмакратычных праймерыз і вызначыць адзінага прамоўцу падчас “прэзідэнцкай кампаніі” – гатовага як да ўдзелу, так і да байкоту (у выпадку узмацнення рэпрэсіяў ці нерэгістрацыі адзінага). Нам нельга выконваць ролю “падтанцоўкі” у спектаклі Лукашэнкі-Ярмошынай. Наша задача – ламаць сцэнар фальсіфікацыяў.

Такім чынам, БХД падтрымлівае пагадненне, распрацаванае прадстаўнікамі дэмакратычных партыяў, і прымае ўдзел у праймерыз 2020 года. У якасці партыйнага кандыдата для ўдзелу ў праймерыз Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя вылучае Паўла Севярынца.

Мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі, незалежна ад абранай формы пратэсту супраць несвабодных і несправядлівых выбараў, далучацца да кампаніі “Права выбару”, каб разам фіксаваць парушэнні, супрацьдзейнічаць фальсіфікацыям і змагацца за свабодныя і справядлівыя выбары.

Жыве Беларусь – з Богам!

Менск, 26 студзеня 2020 года

Болей навін