Віцебск: шосты штраф актывістцы… і ўсё за абарону незалежнасці краіны
Суд Віцебскага раёну 18 лютага разгледзеў чарговую адміністрацыйную справу, заведзеную ў дачыненні да віцебскай актывісткі БХД і блогеркі Алены Янушкоўскай.
Як паведамляе “Віцебская Вясна”, за рэпост, зроблены ў «Фэйсбуку», яе абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1, арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.
Паводле пратаколу, агучанага суддзём Міхаілам Зубенем, 26 снежня 2019 году актывістка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» разьмясціла публічны заклік да ўдзелу ў мітынгу і вулічным шэсці, які меўся адбыцца 29 снежня ў Менску.
Алена Янушкоўская на судзе заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай, бо абараняць незалежнасць краіны – гэта права і абавязак кожнага грамадзяніна. Актывістка не адмаўляла таго, што сапраўды заклікала да ўдзелу ў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, хаця сама ўзяць удзел у ёй ня мела магчымасці.
«І калі гэтага ня робіць улада, гэта робім мы – народ!» – падсумавала актывістка.
Алена Янушкоўская распавяла, што ўжо некалькі гадоў ня можа ўладкавацца на працу. Па стане здароўя яе не бяруць на працу, але і не даюць групу інваліднасці па медычных паказаннях. На паседжанне ў суд Віцебскага раёну блогерка прыйшла пасля аперацыі на хрыбетніку і адказвала суддзі седзячы.
«Хіба мяне ёсць за што судзіць? Гэткім чынам Лукашэнка з вашай дапамогай нішчыць народ. Гэта ўсё, што я хацела сказаць. І ў гэтай установе мне абсалютна няма чаго рабіць!» – заявіла Алена Янушкоўская.
Пасля гэтых словаў яна пакінула судовую залю, разам з ёю сышлі большасць прысутных на працэсе.
Неўзабаве пасьля таго як Янушкоўская сышла, суддзя Зубеня абвясціў судовае рашэнне. Чарговы штраф Алены Янушкоўскай склаў 30 базавых велічыняў (810 беларускіх рублёў).
Гэткім чынам агульная сума штрафаў грамадзкай актывісткі за абарону незалежнасці краіны склала 175 базавых велічынь (4725 рублёў). Гэта быў шосты па ліку штраф, прысуджаны Янушкоўскай паводле арт. 23.34 КаАП, за ўдзел у акцыях і заклікі ў іх удзельнічаць. Сродкі на аплату штрафаў блогерка збірае на сайце MOLAMOLA (сабрана ўжо 1400 рублёў).