Аргкамітэт Дня Волі адклікае заяўку на 22 сакавіка
Аргкамітэт па святкаванні БНР-102 адклікае заяўку на правядзенне мітынга-канцэрта ў сталіцы. Падстава для такога рашэння – распаўсюд каронавіруса і немагчымасць праз гэта гарантаваць бяспеку ўдзельнікам мерапрыемства.
Не дачакаўшыся афіцыйнага адказу з Мінгарвыканкаму, арганізатары Дня Волі-2020 прынялі рашэнне спыніць арганізацыйную працу па падрыхтоўцы святочнага мерапрыемства. У сувязі з гэтым аргакамітэт прыносіць прабачэнне і просіць з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася.
Арганізатары лічаць, што падрыхтоўка мерапрыемства ва ўмовах, калі кожны дзень у Беларусі павялічваецца колькасць хворых на каронавірус, а афіцыйная інфармацыя аб распаўсюдзе віруса не выклікае даверу, выглядае недарэчнай.
Сыходзячы з сітуацыі, аргкамітэт па святкаванні БНР-102 будзе вывучаць магчымасць правядзення мерапрыемства ў больш позні перыяд. Аб гэтым будзе паведамлена дадаткова.
Нагадаем, што ў аргкамітэт па святкаванні Дня Волі-2020 ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Рух “За Свабоду”, Беларуская партыя “Зялёныя”, Беларуская Хрысціянская дэмакратыя і Аб’яднаная Грамадзянская партыя. Заяўка на правядзенне мітынга-канцэрта была пададзеная ад імя першых трох пералічаных вышэй арганізацый на 22 сакавіка. У якасці месца правядзення мерапрыемства ў сталіцы планавалася пляцоўка каля д.15 к. 20 па вул. Кастрычніцкай. “Аргкамітэт БНР-102”
Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які заклікаў да пераносу Дня Волі яшчэ тыдзень таму, “дзеля бяспекi людзей прынята рашэнне перанесцi святкаванне Дня Волi на пазнейшы час”.
“Доўга дыскутавалi, але нарэшце прынялi правiльнае i адказнае рашэнне. Добра, каб i беларускiя ўлады нарэшце пачалі турбавацца пра бяспеку людзей. Зараз нашы галоўныя задачы – прымусіць улады рушыць услед рэкамендацыям САЗ. І прыняць элементарныя эфектыўныя меры для абароны беларусаў ад каронавіруса”, – заявіў ён.