«Народны карантын праходзіць у варунках поўнага маразму беларускіх улад»

25 сакавіка 2020 10:27  |  Галоўныя навіны

«Народны карантын праходзіць у варунках поўнага маразму беларускіх улад»

 

На мінулым тыдні лідары беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы выступілі са зваротам да грамадзян Беларусі. Яны заклікалі людзей абвясціць Народны карантын у адказ на бяздзейнасць беларускіх уладаў у барацьбе з пандэміяй каранавіруса COVID-19.

Карантын будзе дзейнічаць з 23 сакавіка да 5 красавіка.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец распавёў сайту Charter97.org, як праходзіць Народны карантын у Беларусі.

– Па-першае, наколькі я ведаю (а мы ўчора спецыяльна маніторылі сітуацыю), палова студэнцкіх аўдыторый у Менску была пустой. Студэнты альбо пераводзяцца на дыстанцыйнае навучанне, альбо байкатуюць і не ідуць на вучобу. Велізарная колькасць выпадкаў, калі бацькі не адпускаюць дзяцей у школу. Фактычна, Народны карантын пачаўся. Адначасова мы спрабуем правесці валанцёрскія акцыі дапамогі лекарам і шпіталям. Падчас кантакту з імі высвятляецца, што ў клініках няма самога неабходнага. Яны баяцца прымаць ад людзей дапамогу, бо гэта рэгламентавана дзяржавай і ім могуць «даць па галаве» за тое, што бяруць, напрыклад, нейкія матэрыялы або ежу.

Народны карантын праходзіць ва ўмовах поўнага маразму з боку цяперашняй улады. Калі казаць канкрэтна – яны проста на загад тармозяць карантынныя захады, хоць дзяржава павінна бегчы наперадзе людзей і ўсё ім прапаноўваць. Выплачваць заробкі, калі яны застаюцца дома і не працуюць, аплачваць бюлетэні бацькам, якія застаюцца дома з дзецьмі. Замест гэтага, на жаль, дзяржаўная машына робіць усё, каб вірус распаўсюджваўся.

– Беларускія медыкі далучыліся да міжнароднай акцыі лекараў «Мы застаёмся на працы, каб дапамагчы вам. Вы заставайцеся дома, каб дапамагчы нам». Як вы пракаментуеце дзеянні лекараў, якія ўжо пачалі браць ініцыятыву ў свае рукі незалежна ад уладаў?

– Думаю, што такія дзеянні адказных лекараў – гэта таксама Народны карантын. Гэта людзі, якія лепш за ўсё ведаюць як спецыялісты, што значыць не прымаць захады для барацьбы з эпідэміяй. Яны фактычна пачынаюць той жа Народны карантын са свайго боку.

Вядома, тут можна толькі вітаць такі флэшмоб, гэтую ініцыятыву і чарговым разам выказаць незадаволенасць тым, як паводзяць сябе міністэрства аховы здароўя і адміністрацыя. Гэта проста знішчае магчымасці абараніцца ад эпідэміі.

Лекары малайцы. Я думаю, ім патрэбна падтрымка і трэба далучацца да валанцёрскіх зборах сродкаў, да кампаніі дапамогі лекарам якімі-небудзь сродкамі, абсталяваннем ад спонсарскіх арганізацый, фірм. Іх трэба падтрымаць, бо яны на перадавой.

– Як бы вы ацанілі захады для абароны насельніцтва ў краінах ЕЗ і Беларусі?

– Трэба адзначыць, што на сёння самая лепшая сістэма адказу на гэтую эпідэмію ў Нямеччыне. Там вельмі жорсткія карантынныя захады. Там проста на дзяржаўным узроўні канцлерка падчас сваіх выступаў тлумачыць, што трэба рабіць, каб не заразіцца. Мы бачым, што ў Нямеччыне меншы адсотак смяротнасці, хоць побач краіны, дзе паказчыкі значна вышэйшыя. Гэта за кошт таго, што пунктуальныя немцы выканалі рэкамендацыі дзяржавы, выканалі правілы карантыну. Гэта перавага высокаарганізаваных нацый, яны сустракаюць гэтую эпідэмію ўзброенымі. Тым не менш, яны захоўваюць жыццё людзей, а гэта самае галоўнае – нізкая смяротнасць. Калі мы думаем пра людзей, мы будзем рабіць так.

Калі ў Беларусі будуць праводзіцца парады і футбольныя матчы, то мы атрымаем італійскі варыянт. У Італіі былі заклікі да карантыну, але людзі паставіліся да гэтага несур’ёзна і зараз там сотні смерцяў кожны дзень.

Калі Лукашэнка хоча атрымаць такую ж сітуацыю, гэта проста злачынства. Інакш гэта ацаніць немагчыма. Нямеччына – гэта прыклад таго, як трэба рабіць. Думаю, тут трэба браць іх прыклад за аснову і ўводзіць карантын. Так, суровыя меры, але можна захаваць жыццё людзей.

Наколькі эканоміка гэта вытрымае… Жыхарам Драздоў трэба выкладваць свой ашчадак. Усё, што ёсць ў пазабюджэтных фондах, фондах Лукашэнкі. Калі ты патрыёт і за народ, то даставай усё, што ёсць. Надышоў цяжкі час, трэба ўсім народам будзем абараняцца. Можна перарабіць рэзідэнцыі ў інфекцыйныя клінкі. Няма праблемы – яны ўсё адно прастойваюць.

– Што ўсё ж такі можа прымусіць Лукашэнку ўвесці карантын?

– Цяжка сказаць, ён ужо пераступіў праз усе нормы маралі. Мы нават дакладна не ведаем, ці былі смерці ад каранавіруса ў Беларусі. Можа быць, ужо ёсць дзясяткі смерцяў, а іх проста хаваюць. Уцечкі інфармацыі ў СМІ адбыліся толькі з той прычыны, што людзі не пабаяліся нешта сказаць.

Вельмі слаба верыцца, што краіна, якая не закрыла межы, знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, калі вакол «палае пажар», справілася з усім і ў «нас лёгка ўсё праходзіць». Афіцыйнай статыстыцы мы не верым, Лукашэнку мы не верым. Людзі бачаць прыклад Жыткавічаў. Нікуды ж гэтая жанчына не выязджала, але ж яна аднекуль заразілася гэтым вірусам. Значыць, зараза ўжо проста ходзіць па Беларусі. Жыткавічы ж нават не партовы горад, прабачце, там няма ніякага аэрапорта і там невялікі транспартны вузел. Адкуль там зараза?

Еўрапейскія паказчыкі смяротнасці больш-менш адлюстроўваюць колькі выяўлена або не выяўлена выпадкаў захворванняў. Але ў нас выяўленых ужо пад сто, а Міністэрства аховы здароўя кажа, што ніякіх смерцяў няма.

– Як будзе развівацца Народны карантын далей? Што яшчэ могуць зрабіць беларусы, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх?

– Па-першае, трэба патрабаваць увядзення карантыну ад дзяржавы. Трэба усяляк падтрымліваць навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў дыстанцыйным навучанні. Трэба падтрымліваць студэнцкія страйкі. Калі гэта будзе з боку рабочых ці людзей на службе, іх таксама трэба падтрымліваць. Гэта рэальна спыняе ланцужкі заражэння. Акрамя гэтага, трэба далучацца да валанцёрскіх праектаў. Тыя ўлёткі, якія з’явіліся а Украіне («Дапамажы паджыламу у сваім пад’ездзе»), трэба ўдзельнічаць у такіх рэчах, каб салідарнасць не спынялася, каб людзі маглі рэальна выжыць.

Чаму нам трэба патрабаваць увядзення карантыну ад дзяржавы? Таму што яны абавязаныя матэрыяльна падтрымаць людзей. У сённяшнім бядотным стане людзі больш баяцца застацца на месяц без заробку. Разам мы прымусім улады раскашэліцца і прыняць тыя захады, якія прымаюць нармальныя краіны.

Болей навін