Раман Ганчароў: фэйкі вакол каронавіруса у Беларусі распаўсюджваюцца з-за адсутнасці праўдзівых дадзеных
Каардынатар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Маладзечне Раман Ганчароў лічыць, што ўлады спрабуюць схаваць інфармацыю аб Covid-19, каб не ўводзіць у краіне жорсткія меры бяспекі.
Адпаведнае меркаванне ён агучыў у эксклюзіўным каментары карэспандэнту «Политринга».
Паводле яго слоў, улады не ў стане ўвесці каранцін у Беларусі па эканамічных меркаваннях, таму хаваюць праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю з каронавірусам.
«Такім чынам улады выбіраюць грошы замест захавання жыцця людзей. СМІ перашкаджаюць ім гэта рабіць, таму яны нам распавядаюць аб міжнародным псіхозе і г.д.», – упэўнены Ганчароў.
У той жа час прадстаўнік партыі БХД завіў, што не будзе здзіўлены, калі ў краіне будуць штрафаваць СМІ за праўдзівую інфармацыю аб каронавірусе, прадстаўляючы гэта як фэйк.
«Чуткі і фэйкі распаўсюджваюцца з-за недакладных дадзеных, якія беларуская сістэма аховы здароўя так хоча схаваць ад насельніцтва. Павінна быць поўная свабода СМІ ў асвятленні эпідэміі Covid-19. Дзяржава павінна не толькі паведамляць пэўныя дадзеныя аб каронавірусе, але і ўвесці каранцін у школах і месцах масавага збору людзей», – падсумаваў ён.
Нагадаем, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што чуткі пра COVID-19 распаўсюджваюцца як вірус і патрабуюць жорсткай рэакцыі.