Улады хочуць арыштаваць маёмасць Вольгі Кавальковай за штрафы за акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі

15 красавіка 2020 11:17  |  Галоўныя навіны

Улады хочуць арыштаваць маёмасць Вольгі Кавальковай за штрафы за акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі

 

Улады пагражаюць накласці арышт на маёмасць удзельніцы праймерыз, сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай за штрафы, атрыманыя ў час удзелу ў акцыях за незалежнасць краіны ў снежні 2019 года.

Як патлумачыла Вольга, ёй тэлефанавалі з пагрозамі з аддзелу прымусовага выканання пакарання. На любыя прапановы магчымасці паэтапнага пагашэння штрафаў быў атрыманы адмоўны адказ.

“Звычайна практыка такая, што ў даўжнікоў спісваецца працэнт заробку на нейкую частку сумы. Аднак на гэты раз улады катэгарычна адмаўляюцца ад паэтапных выплатаў і патрабуюць пагашэння ўсёй сумы. Я прынцыпова з гэтым не згодна, бо лічу, што гэта палітычны ціск. А такі выбарчы падыход, калі за штрафы, якія, па сутнасці, ёсць палітычнымі рэпрэсіямі, патрабуюць неадкладна расплачвацца ў той час, як у звычайным парадку санкцыя за штрафы расцягваецца на гады, я лічу палітычнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да мяне з-за маёй палітычнай актыўнасці і ўдзелу ў праймерыз. Я планую перамогу і стаць кандыдатам прэзідэнты як альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку сёлета”, – заявіла Вольга Кавалькова.

Болей навін