Беларускім чыноўнікам адправілі канцэпцыю рэфармавання ЖКГ
У Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Мінгарвыканкам 2 красавіка накіравана канцэпцыя рэфармавання сістэмы ЖКГ у Беларусі.
Канцэпцыю падрыхтавала Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пры дапамозе экспертаў Інстытута развіцця дэмакратыі і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы. Разам з канцэпцыяй рэформаў адпраўленыя каля 2000 подпісаў у яе падтрымку.
Для ўдасканалення структуры кіравання ЖКГ дакумент заклікае правесці скарачэнне шматлікага апарата чыноўнікаў з ліквідацыяй разнастайных аддзелаў ЖКГ пры абл-, гар-, райвыканкамах.
Жыллёва-камунальныя гаспадаркі прапануецца пазбавіць ад няпрофільных актываў, для стварэння канкурэнтнага асяроддзя ў жыллёва-камунальным сектары эканомікі – удасканаліць прававую аснову для недзяржаўных формаў кіравання жыллёвым фондам і раздзяржаўлення камунальных прадпрыемстваў, стварыць прававую і эканамічную аснову фарміравання рынку ЖКП, пры якой кожны ўласнік жылых памяшканняў зможа ўдзельнічаць у выбары абслуговай арганізацыі, колькасці і якасці спажываных паслуг.
Акрамя таго, прапануецца ўвесці дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы ЖКГ, сфармаваць адказнага ўласніка і дагаворныя адносіны, у жыллёва-камунальным сектары – павялічыць ўдзел грамадскасці для выпрацоўкі празрыстых механізмаў зніжэння кошту і павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг.
Таксама аўтары канцэпцыі лічаць неабходным стварыць агульнанацыянальны саюз прыватных домаўладанняў, удасканаліць сістэму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для сферы ЖКГ, у тым ліку кіравання жыллёвым фондам, прыняць комплексу мер па памяншэнні спажывання энергіі жылым фондам.
Для забеспячэння ўстойлівасці і паслядоўнасці рэфармавання рынку ЖКГ прапануецца прыняць меры па замарожванні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.
«Просім пры распрацоўцы наступнай Праграмы развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ўлічыць прапановы, прыкладзеныя да дадзенага звароту, якія былі распрацаваны юрыстамі і экспертамі ў гэтай сферы», – гаворыцца ў зваротах у дзяржорганы.