Кавалькова падала заяву на Лукашэнку: СК павінен прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці

04 чэрвеня 2020 21:52  |  Галоўныя навіны

Кавалькова падала заяву на Лукашэнку: СК павінен прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці

 

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Вольга Кавалькова 4 чэрвеня звярнулася ў Следчы камітэт з заявай аб прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці па арт. 190 Крымінальнага кодэкса (парушэнне раўнапраўя грамадзян).

Палітык падала БелаПАН тэкст заявы. У дакуменце адзначаецца, што Лукашэнка 29 мая падчас наведвання Мінскага трактарнага завода дапусціў выразы дыскрымінацыйнага характару ў дачыненні да жанчын. У прыватнасці ён заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Бо ў нас па Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас прэзідэнт – не Літва. Там прэзідэнт, была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, бо там парламенцкая рэспубліка. У нас – не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».

Кавалькова паказала, што відэазапіс гэтага выступу распаўсюдзіла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, а пасля ён з’явіўся на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва.

Сустаршыня БХД звярнула ўвагу на тое, што гэта «не першыя публічныя дыскрымінацыйныя словы ў адрас жанчын ад Аляксандра Лукашэнкі«. У якасці прыкладу яна прывяла вытрымкі з некаторых яго выступаў. Так, 7 кастрычніка 2011 года на прэс-канферэнцыі расійскім СМІ афіцыйны лідар заявіў, што «прэзідэнцкае крэсла прадстаўніцы слабага полу» ён бы «не саступіў», бо «гэта не жаночая, цяжкая справа».

«У мяне і ў расійскага прэзідэнта паўнамоцтвы вярхоўнага галоўнакамандуючага, – прывяла Кавалькова словы Лукашэнкі. – Ну як жанчына ў спадніцы пройдзе перад строем, на вучэннях… Цяпер жанчыны і штаны носяць, але гэта не тое. Напэўна, у Еўрасаюзе функцыі прэзідэнта можа выконваць жанчына… А ў нас трэба ўкалываць, трэба бегаць, шырока крочыць, каб штаны не парваць. І мы, славяне, не вельмі ўспрымаем, калі жанчына – прэзідэнт. Гэта чыста мужчынская прафесія. Не трэба вам у гэтыя прэзідэнты лезці: гэта бяда, гора, не дай Бог».

Яна таксама нагадала, што 11 кастрычніка 2015 года падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку Лукашэнка заявіў: «У нас у прэзідэнта паўнамоцтваў куча – ад бяспекі да эканомікі, якія пакуль чалавек у спадніцы не зможа, напэўна, выконваць».

У заяве Кавалькова спаслалася на арт. 22 Канстытуцыі, які абвяшчае, што «ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў», і на арт. 32, у якім гаворыцца, што «жанчынам забяспечваецца наданнае роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя».

Яна таксама адзначыла, што па арт. 80 Асноўнага закона «прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі».

Акрамя таго, арт. 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю, абвяшчае, што «ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закону».

«Я лічу, што вышэйпералічаныя публічныя выказванні і сцвярджэнні ад першай асобы дзяржавы – Аляксандра Лукашэнкі – зʼяўляюцца дыскрымінацыйнымі і парушаюць раўнапраўе грамадзян, – падкрэсліла ў заяве палітык. – Заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас мяне як жанчыны і ўсіх жанчын зʼяўляюцца наўмысным усталяваннем пераваг грамадзян у залежнасці ад полу і прычынілі істотную шкоду маім канстытуцыйным правам і свабодам».

«Дадзеныя выказванні ад службовай асобы зʼяўляюцца дзеяннямі, якія пасягаюць на грамадскія адносіны, якія забяспечваюць раўнапраўе чалавека ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця незалежна ад полу і незалежна ад індывідуальных якасцяў асобы, і зʼяўляюцца парушэннем раўнапраўя грамадзян, за што прадугледжана крымінальная адказнасць паводле артыкула 190 Крымінальнага кодэкса», – адзначыла Кавалькова.

Болей навін