У Віцебску склалі пратакол на Таццяну Севярынец і кінулі за краты Алену Янушкоўскую

06 чэрвеня 2020 18:55  |  Палітыка

 

У Віцебску склалі пратакол на Таццяну Севярынец і кінулі за краты Алену Янушкоўскую

 

Удзельнікаў пікетаваньня для збору подпісаў у Віцебску 31 траўня, на якім прысутнічаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, пачалі выклікаць у аддзяленьні міліцыі для складаньня пратаколаў і затрымліваць. Грамадзян абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Гэтак, адміністрацыйны пратакол за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах склалі на жыхарку Віцебску Людмілу Валадкевіч. Паводле дакумэнту, яна нібыта брала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні 31 траўня ў Віцебску – уздымала руку і выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь!». Разгляд справы Людмілы адбудзецца 18 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску (дакладны час пакуль невядомы).

Жанчына расказала, што ў міліцыі пабачыла сьпіс віцяблян, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34. У сьпісе як мінімум 15 прозьвішчаў (і гэта толькі ў дачыненьні жыхароў Кастрычніцкага раёну).

Таксама адміністрацыйны перасьлед за ўдзел у пікетаваньні 31 траўня зазналі віцебскія актывісты Тацяна Севярынец, Мікола Качурэц, Уладзімер Мацкевіч. Калі адбудуцца суды над імі – пакуль таксама невядома.

Пасьля складаньня пратаколаў Алену Янушкоўскую, Алега Паўлава, Яраслава Кійко і Аляксандра Якушкова зьмясьцілі да судоў у віцебскі ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Праз колькі гадзін Кійко адпусьцілі – у яго была падвышаная тэмпэратура.

Блогерку з БХД Алену Янушкоўскую, якую затрымалі ўдома пасьля абеду, адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі Віцебскага раёну і склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34 КаАП). Адтуль яна пасьпела паведаміць па тэлефоне, што яе адразу вязуць у ІЧУ і што яна ня мае пры сабе ані цёплай вопраткі, ані неабходных лекаў. Янушкоўская – інвалід трэцяй групы.

Алега Паўлава, Аляксандра Якушкова і Яраслава Кійко пасьля складаньня пратаколаў з пастарункаў таксама ня выпусьцілі – адразу адвезьлі ў ізалятар.

Суды над актывістамі адбудуцца ў панядзелак 8 чэрвеня.

Таксама 5 траўня быў затрыманы віцебскі пэнсіянэр Уладзімер Мацкевіч, але зь міліцыі яго адвезьлі не ў ІЧУ, а проста на суд. Судзьдзя Дзяніс Аляксеенка (суд Чыгуначнага раёну Віцебску) прызнаў 67-гадовага віцябляніна вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні і пакараў яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Віцебская Вясна

Болей навін