Віталя Рымашэўскага будуць судзіць 25 чэрвеня, Еве Сапрыгінай і Валянціну Фралову вынеслі прысуды
25 чэрвеня а 9:30 у судзе Заводскага раёну Менску адбудзецца суд над сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталём Рымашэўскім.
Судзіць яго будуць за пікет 7 чэрвеня нібыта за несанкцыянаванае мерапрыемства, хоць ён быў на легальным пікеце і не ўдзельнічаў у мітынгу.
Віталь Рымашэўскі прабыў на пікеце роўна гадзіну і за гэты час размаўляў з падпісантамі, збіраў подпісы ў падтрымку Вольгі Кавальковай і вёў стрым, чаму ёсць шматлікія сведкі.
Між тым 19 чэрвеня актывістцы МХД Еве Сапрыгінай, якая таксама з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай, далі 7 сутак арышту.
У судзе Сваецкага раёна яе судзілі за ўдзел у законным пікеце па зборы подпісаў 24 траўня на Камароўскім кірмашы, дзе яна, па словах сведкаў, «выкрыквала лозунгі». Таксама абвінавачванне заявіла, што гэта быў мітынг не звязаны з выбарамі.
Сама Ева на судзе не была, таму пакуль знаходзіцца на волі.
Таксама стала вядома стала вядома, што актывісту Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Валянціну Фралову, які быў затрыманы на пікеце 7 чэрвеня і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, 17 чэрвеня далі яшчэ 15 сутак арышту. Ён таксама з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай.