БНФ узнагароджвае Паўла Севярынца знакам Івашкевіча і патрабуе вызваліць вязьня

28 ліпеня 2020 16:43  |  Палітыка

БНФ узнагароджвае Паўла Севярынца знакам Івашкевіча і патрабуе вызваліць вязьня

 

Рашэньнем ліпеньскага Сойма Партыі БНФ памятным знакам імя Віктара Івашкевіча будзе ўганараваны беларускі палітык Павал Севярынец, які цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні. Гэтым знакам Партыя БНФ традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.

Ліпеньскі Сойм Партыі БНФ вырашыў уганараваць Паўла Севярынца гэтай узнагародай ў знак прызнаньня ягонай вызначальнай ролі як арганізатара і натхняльніка серыі масавых акцыяў пратэсту, што адбыліся ў Беларусі напрыканцы 2019 года і былі скіраваныя супраць пагрозаў “паглыбленай інтэграцыі” і страты беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Гэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца Віктара Івашкевіча, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода ўручаецца ў сёмы раз.

Цяпер Павел Севярынец знаходзіцца ў зьняволеньні ў ізалятары на Акрэсьціна – рэжым кінуў палітыка за краты па хлусьлівых абвінавачаньнях у адміністрацыйных правапарушэньнях, штораз падаўжаючы яму тэрмін зьняволеньня на новыя і новыя “15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў” (агульная працягласьць арышту можа перавышаць сто сутак). Умовы ўтрыманьня зьняволеных на Акрэсіцна ёсьць нялюдскія і расцэньваюцца праваабаронцамі як форма катаваньняў. Праваабарончы рух Беларусі супольнай заявай абвесьціў Паўла Севярынца палітычным зьняволеным.

Сойм Партыі БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня Паўла Севярынца і ўсіх палітычных вязьняў,  пратэстоўцаў, сябраў ініцыятыўных групаў кандыдатаў, што былі зьняволеныя за ўдзел у мірных акцыях. Сойм лічыць недапушчальным злоўжываньне адміністрацыйным і крымінальным перасьледам палітычных апанентаў як сродкам ўтрыманьня адзінаасобнай аўтарытарнай улады і задушэньня справядлівага народнага пратэсту.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча будзе ўручаны Паўлу Севярынцу пасьля яго вызваленьня.

Штогадовым памятным знакам імя Віктара Івашкевіча уганароўваюцца выбітныя асобы альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцыяў, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацыяў, пікетаваньняў, шэсьцяў, аўта ці велапрабегаў. Крытэрамі для ўручэньня знаку з’яўляюцца: актуальнасьць тэмы акцыі і яе адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ,  актуальнасьць узьнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.

Уладальнік памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча вызначаецца галасаваньнем сябраў Сойму БНФ і абвяшчаецца 27 ліпеня, у дзень абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі.

У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча быў уганараваны намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў. Такім чынам была адзначаная ягоная роля ў справе арганізацыі мітынгу з нагоды 101-й гадавіны  абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы БНР, які стаўся найболш маштабнай імпрэзай у мінулагоднім адзначэньні гадавіны беларускай незалежнасьці і стварыў прэцэдэнт, калі галоўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага сьвята месьціцца па-за Менскам.

У ранейшыя годы знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідэру грамадзкай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысэрцы і грамадзкай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідэру “Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу, вэтэрану нацыянальна-адраджэнскага руху  Ніне Багінскай, сябры БНФ і ўладальніку крамы symbal.by Паўлу Белавусу.

Болей навін