“Эпоха дыктатараў скончыцца”. Што кажуць дэпутаты Еўрапейскай народнай партыі – пра ўчорашні выступ Святланы Ціханоўскай

25 лістапада 2021 13:21  |  Галоўныя навіны Навіны

25 лістапада ў Еўрапарламенце выступіла абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская. Сабралі каментары на гэта ад еўрадэпутатаў з Еўрапейскай народнай партыі, якая аб’ядноўвае правацэнтрысцкія і хрысціянска-дэмакратычныя партыі Еўропы і мае найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце. Да яе сям’і належыць і БХД.

“Было прыемна сустрэцца з абраным прэзідэнтам Беларусі Святланай Ціханоўскай сёння ў Еўрапарламенце і паразмаўляць пра сітуацыю ў Беларусі. Выдатны выступ на пленарным пасяджэнні з важнымі прапановамі ЕС аб тым, якія дзеянні ён павінен прадпрымаць разам з беларускім народам”, – кажа Раса Юкнявічэне з Літвы.

“Прыемна вітаць Святлану Ціханоўскую ў Еўрапарламенце. Вы прадстаўляеце голас усіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека. Еўропа з вамі. Вы можаце разлічваць на ЕНП, якая адзначна падтрымлівае Беларусь”, – піша Манфрэд Вэбэр з Нямеччыны.

“Цёплы прыём Святланы Ціханоўскай у Еўрапарламенце! Мы цвёрда выступаем за дэмакратычную Беларусь! Жыве Беларусь!” – адзначыў Андрус Кубілюс з Літвы.

“Святлана Ціханоўская сёння звярнулася да Еўрапарламенту як голас 9 мільёнаў грамадзян Беларусі. Як законны дэмакратычны лідар, яна павінна быць запрошана прадстаўляць сваю нацыю на наступным саміце Усходняга партнёрства і ўсіх іншых міжнародных форумах”, – заявіла Сандра Калніетэ з Латвіі.

“З гонарам вітаю адважную Святлану Ціханоўскую ў Еўрапарламенце. Гэты дом і надалей будзе з Беларуссю, народам, які выступае супраць дыктатараў, і будзе змагацца за тое, каб Лукашэнку прыцягнулі да адказнасці. Мы ніколі не паддамося шантажу аўтакратаў”, – падкрэсліла Эстэр дэ Ланге з Нідэрландаў.

“Маю гонар быць знаёмай з самым мужным лідарам – лідэр Дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская сёння ў Еўрапарламенце. Я паабяцаў ёй, што гэтая палата будзе працягваць стаяць разам з ёй у яе барацьбе за дэмакратыю. Эпоха дыктатараў скончыцца”, – заявіла Рабэрта Мэцола з Мальты.

Болей навін