Рэзалюцыя ЕНП: Забараніць нелегітымны рэжым Лукашэнкі і падтрымаць барацьбу беларускага народа за свабоду і дэмакратыю
Святлана Ціханоўская, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Юрый Губарэвіч і Мікалай Казлоў 31 траўня выступілі на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі. На сцэну яны выйшлі з партрэтрамі беларускіх палітвязняў – Паўла Севярынца, Марыі Калеснікавай, Марына Глазавай, Леаніда Судаленкі.
“Я шчаслівая быць тут на Кангрэсе ЕНП, бо я ведаю, што я сярод сяброў. Сяброў, якія падзяляюць тыя самыя каштоўнасці і маю веру ў незалежную і дэмакратычную Беларусь. Шмат гадоў ЕНП была вядучай сілай, якая падтрымлівала беларускую дэмакратыю”, – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна адзначыла, што разам з беларускімі сябрамі ЕНП – Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Рухам за свабоду – у 2020 годзе была праведзеная магутная кампанія, за якой паследавалі дэмакратычны ўздым і яго жорсткае задушэнне.
Але, падкрэсліла Святлана Ціханоўская, нягледзячы на катаванні, арышты і выгнанне, беларусы ніколі не здадуцца. Яна дадала: “Беларусь – гэта Еўропа, Беларусь – не Расея”.
Рэзалюцыя па Беларусі
У выніку Еўрапейская народная партыя прыняла рэзалюцыю, у якой заявіла, “што Беларусь нельга параўноўваць з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, які гандляваў беларускім суверэнітэтам і дапусціў прысутнасць расейскага войска на беларускай зямлі ў сілу сваёй поўнай экзістэнцыйнай залежнасці ад пуцінскага рэжыму”. Заяву падрыхтавала БХД разам з хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Чэхіі і Славакіі – KDU-ČSL і KDH.
“Мы, партыі-сябры Еўрапейскай народнай партыі, лічым беларускі народ, у тым ліку прадстаўнікоў Вольнай Беларусі, якія знайшлі прытулак у нашых краінах, сваімі сябрамі і саюзнікамі і пацвярджаем нашу прыхільнасць да свабоды, суверэнітэту, дэмакратыі і росквіту Беларусі. Мы не прызнаем нелегітымны рэжым Лукашэнкі як прадстаўнікоў беларускага народа. Мы заклікаем еўрапейскіх лідэраў і ўрады падвоіць свае намаганні для падтрымкі барацьбы беларускага народа за свабоду і дэмакратыю, а таксама забяспечыць прымяненне максімальна адрасных санкцый супраць Лукашэнкі і членаў яго нелегітымнага рэжыму, якія прыгнятаюць беларускі народ і дапамагаюць пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Мы публічна заяўляем, што беларусы не з’яўляюцца ворагамі і акты дыскрымінацыі, знявагі ці гвалту ў дачыненні іх, як і да каго б там ні было, непрымальныя, а звязаныя выпадкі павінны разглядацца як акты расісцкіх паводзін у адпаведнасці з законам. У адрозненне ад сябраў нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ, шараговыя беларусы ў Еўразвязе павінны мець доступ да юрыдычных паслуг, прапіскі, вучобы, банкаўскіх паслуг і г.д.” – гаворыцца ў заяве.
У заяве адзначаецца, што “замест таго, каб забараняць беларускім студэнтам вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах, гэтыя ўніверсітэты могуць прыняць унутраныя законы аб прадухіленні распаўсюджвання расізму, таталітарных ідэалогій і г.д.”
“Мы заклікаем усе краіны, якія прымуць законы аб дапамозе ўкраінскім уцекачам вайны, уключыць беларусаў-уцекачоў з Украіны, якія перасеклі яе мяжу пасля 24 лютага 2022 года, і прыраўняць іх да ўкраінцаў”, – адзначылі ў ЕНП.
Партыя заклікала “ўсе дэмакратычныя краіны Еўропы і свету прымаць палітычных бежанцаў з Беларусі, працягваць падтрымліваць праграмы для беларусаў у сферы адукацыі, падтрымкі бізнесу, лячэння і г.д.”, забяспечваць умовы, магчымасці для перамяшчэння беларускага прыватнага бізнесу.
ЕНП падтрымлівае аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі, іх лідара Святлану Ціханоўскую, правацэнтрысцкую кааліцыю, у якую ўваходзяць сябры ЕНП – Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Рух за свабоду, а таксама Каардынацыйную раду.
ЕНП патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў, у тым ліку Паўла Севярынца, Таццяны і Дзмітрыя Канеўскіх, Ігара Салаўя, Паўла Спірына, Уладзіміра Няпомняшчых, Аляксандра Аграйцовіча, Паўла Белавуса, Андрэя Кудзіка, Мікалая Сяргеенку, Рамуальда Улана, Аляксандра Нагелы і Андрэя Кабанава.
Цалкам тэкст заявы тут.