Малюнкі Паўла Севярынца будуць прадстаўлены на выставе разам з фотапраектам «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у падтрымку палітвязынак 26 студзеня у Варшаве
«Minsk Anti Zoo. Red Mark» – гэта крэатыўны фота-праект стылісткі Ганны Прышывалкі і творчай каманды. Ў праекце ўзялі ўдзел акторкі Беларускага свабоднага тэатра, якія ўвасобілі вобразы беларускіх жанчын, што знаходзяцца ў няволі.
Ў Беларусі за кратамі знаходзіцца вялікая колькасць ні ў чым не павінных людзей. Яны безабаронныя і бездапаможныя перад фізічнай сілай і ўладай, якая ізалюе іх і пазбаўляе права выбару. Выстава «Minsk Anti Zoo. Red Mark» цалкам прысвечана жанчынам у зняволенні.
Акрамя таго, на выставе будуць прадстаўлены турэмныя малюнкі Паўла Севярынца.
«Падчас падзей 2020 года, калі ўжо пачалася хваля гэтых жудасных арыштаў, я трапіла з дзіцёнкам у наш мінскі заапарк. І стоячы там, гледзячы на жывёл, якія знаходзяцца ў клетках, у гэтых маленькіх «камерах», на іх пакуты, сумныя і адчайныя позіркі, да мяне пачалі прыходзіць паралелі, якія і сталі асновай канцэпцыі праекта. Для мяне было важна выразіць увесь смутак і перажыванні, якія былі ў мяне ўнутры, і паказаць, наколькі бесчалавечна паступаюць улады, калі закрываюць людзей у клеткі толькі за тое, што яны хочуць жыць і гадаваць сваіх дзяцей у шчасці і атмасферы свабоды» – гаворыць суаўтарка паректа Ганна Прышывалка.
Наведаць выставу у Варшаве можна з 26 студзеня на Прасторы па адрасе Hoża, 41 lok 2. Час працы з 11.00 да 20.00.