«Салідарнасць» апублікавала вялікае інтэрв’ю з Віталём Бандаруком: новыя падрабязнасці пра Паўла Севярынца

16 верасня 2025 13:00  |  БХД Галоўныя навіны Грамадства Навіны Палітыка

11 верасня зняволенага Віталя Бандарука вызвалілі і выдварылі з краіны. У вялікай размове з выданнем «Салідарнасць» ён, між іншым, распавёў пра знаёмства з Паўлам Севярынцам — адным з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, які цяпер застаецца за кратамі.

Што Віталь Бандарук кажа пра Паўла Севярынца (поўны пераклад яго слоў, без скарачэнняў)

«…Сярод асуджаных я там сустрэў выдатных людзей. Мне пашанцавала пазнаёміцца з Паўлам Севярынцам.
Так атрымлівалася, што перасякаліся мы з ім у асноўным пры прызначэнні або выкананні пакарання. Яксьці мяне збіраліся змяшчаць у ШІЗА, ужо паклалі на брудную падлогу — рукі за галаву. Ляжу і чую па рацыі: “Там якая-небудзь ‘хата’ ёсць?” (То бок свабодная камера ШІЗА). — “Заўтра Севярынцу выходзіць”. — “Анулюй яму і выпускай”.
І прыводзяць Паўла, а мяне вядуць у яго камеру. Так я ўбачыў яго першы раз. Потым мы апынуліся ў адной чарзе “за пакараннямі”, адкуль выклікалі на камісію ўсіх, на каго паступілі “скаргі”.
Я сам падышоў да яго і сказаў, што вельмі рады яго бачыць, што ведаю яго, глядзеў яго відэа. Пасля мы неаднаразова сустракаліся ў гэтай чарзе.
Яксьці пытаюся, за што яго, а Павел адказвае: “За непрывітанне іду на пакаранне”. Мы ўсе, у каго былі жоўтыя біркі, то бок палітвязні, што стаяць на 10-м прафуліку, заўсёды ішлі ў строі першымі.
Супрацоўнікі, якія трапляліся на шляху, і ў бок якіх звычайныя зэкі нават плявалі, патрабавалі ад нас вітацца так: “Добры дзень, грамадзянін начальнік”. Гэта была прымха, нічога падобнага ў статуце не сказана: калі ідзеш у строі, ні з кім вітацца не павінен.
Але яны ўсё роўна пісалі на нас гэтыя “скаргі”, каб пасадзіць у ШІЗА, прычым не важна, павітаў ты ці не.
І вось прыкладна праз месяц, калі ўжо і Павел адседзеў, і я, мы зноў сустракаемся ў той жа чарзе, і ён мне: “А цяпер, Віталік, іду на пакаранне за прывітанне”.
Да Севярынца баяліся падыходзіць нават звычайныя зэкі. У сталовай ён сядзеў адзін. Я стараўся хаця б павітацца, калі атрымлівалася, садзіўся за столік побач, каб пагаварыць.
Бачыў яго некалькі разоў у царкве. Шчыра кажучы, я не баяўся да яго падыходзіць. Мяне і так неаднаразова кідалі ў ШІЗА, разам з ПКТ я там правёў 8 месяцаў.
Тое, што мы перажывалі ў ШІЗА, — гэта пекла. ПКТ адрозніваецца толькі наяўнасцю ложка, але яго адбіралі за любое “парушэнне”, якое самі ж і прыдумлялі.
…І вось Севярынец гэта пекла перажывае пастаянна. Але ён вельмі стойкі, я яму так і казаў: “Вы мой герой”.»

«…Я казаў усім: “Хлопцы, мы ў палоне, і мы павінны выжыць, павінны выйсці жывымі”. Дарэчы, Севярынец таксама ўсім, і мне ў тым ліку, раіў цярпець, трымацца, казаў, што мы патрэбныя людзям на волі.»

Для нас важна яшчэ раз падкрэсліць: Павел Севярынец — адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і ён па-ранейшаму ў турме. Мы вельмі спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час Павел, як і ўсе іншыя палітвязні, выйдуць на волю. Мы робім усё ад нас залежнае, каб гэта адбылося як мага хутчэй, і верым, што зусім хутка зможам пачуць гэтыя гісторыі ад Паўла асабіста.

Інтэрвью цалкам.

Болей навін