Павел Севярынец узяў удзел у з’ездзе чэшскіх хрысціянскіх дэмакратаў KDU-ČSL у Остраве

24 красавіка 2026 15:04  |  БХД Галоўныя навіны

24 красавіка ў Остраве адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец узяў удзел у з’ездзе чэшскай хрысціянска-дэмакратычнай партыі KDU-ČSL. БХД і KDU-ČSL маюць даўнія партнёрскія сувязі, як двухбаковыя, так і ў рамках Еўрапейскай Народнай Партыі.

З’езд KDU-ČSL праходзіць 24–25 красавіка і прысвечаны абранню новага кіраўніцтва партыі, а таксама вызначэнню яе далейшага палітычнага курсу.

Павел Севярынец быў запрошаны на з’езд як беларускі хрысціянскі дэмакрат, былы палітычны зняволены і адзін з вядомых прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху. Падчас з’езда ён выступіў перад удзельнікамі і падзякаваў чэшскім хрысціянскім дэмакратам за шматгадовую салідарнасць з Беларуссю, падтрымку палітвязняў і ўвагу да барацьбы беларускага народа за свабоду.

На з’ездзе Павел Севярынец атрымаў узнагароду старшыні KDU-ČSL Марэка Выборнага за выдатны ўклад у еўрапейскую хрысціянска-дэмакратычную палітыку і абарону правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі KDU-ČSL.

Вітаючы ўдзел Паўла Севярынца, Марэк Выборны адзначыў, што ягоная мужнасць і паслядоўная пазіцыя ў абароне правоў чалавека з’яўляюцца прыкладам для Еўропы і нагадваюць, што свабода і дэмакратыя не з’яўляюцца дадзенасцю.

Для Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўдзел Паўла Севярынца ў з’ездзе KDU-ČSL мае асаблівае значэнне. Чэшскія хрысціянскія дэмакраты на працягу многіх гадоў падтрымлівалі беларускіх палітвязняў, дэмакратычны рух і права беларусаў жыць у свабоднай еўрапейскай краіне.

Беларуская хрысціянская дэмакратыя дзякуе KDU-ČSL, яе кіраўніцтву і ўсім чэшскім партнёрам за падтрымку Беларусі, салідарнасць з беларускімі палітвязнямі і супольную працу дзеля свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні нашай краіны.

Болей навін