“Сэрца сьвятла” зь цемры КДБ: Тацяне Севярынец выдалі турэмны рукапіс раману Паўла

04 сакавіка 2011 18:34  |  Галоўныя навіны

Маці сустаршыні аргкамітэту па ўтварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Паўла Севярынца Тацяна Яўгенаўна распавяла пра сытуацыю, у якой знаходзіцца яе сын, ад ўчора пазбаўлены адваката, і паведаміла, што ў КДБ ёй аддалі рукапіс напісанага ў турме раману Паўла Севярынца.

 

Перадусім Тацяна Севярынец паведаміла, што 3 сакавіка яна сустракалася са сьледчым Анатолем Сукалам і спрабавала атрымаць дазвол на сустрэчу з сынам. “Але мне катэгарычна адмовілі ў сустрэчы з Паўлам. Да таго ж, ува умовах пазбаўленьня ліцэнзіі адваката Паўла Сапелкі, які абараняў як Паўла, так і Зьмітра Дашкевіча і Андрэя Саньнікава, мы цяпер змушаныя тэрмінова шукаць новага абаронцу, бо паводле ліста Паўла, хутка ён ужо павінен пачаць знаёміцца з матэрыяламі справы і неўзабаве яна будзе перададзеная ў суд”, – распавяла Тацяна Яўгенаўна. У сьледчага яна спрабавала высьветліць, чаму ўвогуле сьледчыя дзеяньні ў справе яе сына ішлі без удзелу адваката, але адказу так і не атрымала.

 

Выключэньне адваката Паўла Сапелка зь Менскай калегіі адвакатаў і пазбаўленьне яго тым самым права абараняць Паўла Севярынца і іншых сваіх падабаронных у судзе Тацяна Севярынец пракаментавала наступным чынам:

 

“Справа Паўла, як і справы Зьміцера Дашкевіча і Андрэя Саньнікава шытыя белымі ніткамі, і ўсе гэтыя так званыя “справы” проста разваляцца ў судзе, калі будзе прафесійны адвакат, а Павал Сапелка – выдатны прафесіянал у сваёй справе. Таму ўлады проста баяцца, і ўсімі спосабамі, парушаючы ўсе магчымыя законы, вырашылі яго нейтралізаваць.”

 

Разам з тым Тацяна Яўгенаўна паведаміла, што ёй выдалі пад подпіс раман, які быў напісаны Паўлам у турме. “Працоўная назва раману – “Сэрца сьвятла”. Але, перад тым, як атрымаць яго, я яна была змушаная пералічыць у прысутнасьці прадстаўнікоў КДБ усе, пазначаныя Паўлам старонкі раману”, – распавяла маці сустаршыні БХД.

 

Маці Паўла Севярынца нагадала таксама, што Павал прасіў пусьціць да яго праваслаўнага сьвятара для споведзі і прычасьця. Учора яна асабіста спрабавала знайсьці сьвятара для сына. З гэтай мэтай Тацяна Яўгенаўна наведвала менскі Петра-Паўлаўскі сабор, прыхаджанінам якога зьяўляўся Павал Севярынец, калі жыў у Менску. Але ў саборы паведамілі, што з гэтай просьбай патрэбна зьвяртацца ў Епархію.

 

Таксама Тацяна Севярынец, якая зьяўляецца каардынатаркай аргкамітэта БХД па Віцебскай вобласьці, паведаміла, што мае намер 5 сакавіка ўзяць удзел у сходзе прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Віцебшчыны.

Болей навін