Дзень Герояў у Вільні на могілках Роса і ля цягніка на Менск (Фота)
27 лістапада сябры БХД узялі ўдзел у адзначэнні 91-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну ў Вільні, арганізаваным актывістамі Грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве. У памінальных мерапрыемствах таксама ўдзельнічалі студэнты ЕГУ і прадстаўнікі Таварыства беларускай культуры ў Літве.
На прапанову хрысціянскіх дэмакратаў адыблося ўшанаванне савутых беларусаў, герояў нашай мінуўшчыны, пахаваных на віленскіх могілках Роса. Там знайшлі вечны спачын Антон Лявіцкі (вядомы пад псеўданімам Ядвігін Ш.) слынны дзяяч Яўстах Тышкевіч, драматург Францішак Аляхновіч, ксяндзы-беларусы Уладзіслаў Талочка і Канстанцін Стэповіч (беларускі паэт Казімір Сваяк), брат Казіміра Сваяка, актыўны дзяяч БХД Альбін Стэповіч ды іншыя. Тут таксама пахаваныя айцы беларускай незалежнасці, заснавальнікі БНР браты Іван і Антон Луцкевічы (магіла Антона, які загінуў у ГУЛАГу сімвалічная).
Удзельнікі мерапрыемства запалілі ля беларускіх магілаў знічы, памаліліся за супачын ды за свабоду нашай Бацькаўшчыны, заспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.
Пасля актывісты правялі акцыю на чыгуначным вакзале Вільні. Яны віншавалі беларусаў, што вярталіся на Радзіму, з Днём Герояў і раздавалі буклеты з гісторыяй Слуцкага збройнага чыну.
А напярэдадні, 26 лістапада ў Вільні адбылося традыцыйнае ўрачыстае паседжанне Таварыства беларускай культуры ў Літве, прысвечанае ўгодкам Слуцкага збройнага чыну, дзе таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікіі БХД.
Паводле інфармацыі Грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве
Фота ўласныя і Зміцера Віленскага