Палітвязень Эдуард Лобаў спадзяецца на сустрэчу з каталіцкім сьвятаром
Палітвязень Эдуард Лобаў, зьняволены ў Івацэвіцкай калёніі “Воўчыя норы” спадзяецца на сустрэчу з каталіцкім сьвятаром. Пра гэта ён распавёў па тэлефоне сваім бацькам.
Таксама ў тэлефанаванні Эдуард паведаміў, чакае мэдычнай пасылкі зь вітамінамі, кажа маці зьняволенага маладафронтаўца Марына Лобава:
“Сёньня спрабую датэлефанавацца да турмы – спрабую арганізаваць сустрэчу са сьвятаром, бо ў турме няма каталіцкага, а толькі праваслаўны айцец ёсьць. Ён цэлы год ня мае магчымасьці наведваць сьвятыню, а па-другое – хоць раз на год, але чалавек павінны бываць на споведзі. Бо ў кожнага чалавека ёсьць нейкія грахі – мы ж усе не сьвятыя. Таму я лічу, што гэта трэба абавязкова. Але пакуль да турмы не датэлефанавалася і ня ведаю, ці дадуць дазвол”.
Эдуард Лобаў і ягоны паплечнік, кіраўнік “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч летась былі асуджаныя на 4 і 2 гады турмы, нібыта за хуліганства. Маладафронтаўцы сваёй віны не прызнаюць і заяўляюць, што іхняе зьняволеньне – правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.