Уладзя Яроменка адлічылі з унівэрсытэту

12 студзеня 2012 11:18  |  Палітыка

Сябар БХД быў адлічаны пасьля таго, як адбыў 15 сутак за акцыю салідарнасьці, што прайшла 19 сьнежня 2011 году каля Чырвонага касьцёла ў Менску.

 

Ураджэнец Мёраў Уладзімер Яроменак вучыўся на трэцім курсе факультэту кампутарнага праектаваньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Пасьля падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў 2010 годзе ён быў асуджаны на тры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму, але быў датэрмінова вызвалены 13 жніўня 2011 году. Тады яму ўдалося аднавіцца на вучобе.

Напрыканцы верасьня, у 20-ю гадавіну абвяшчэньня «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі, ён разам з Настай Палажанкай спрабаваў вывесіць сьцягі ў цэнтры Менску, але іх затрымалі. Уладзімера Яроменка асудзілі тады на 12 сутак арышту, і ва ўнівэрсытэце яго папярэдзілі, што новы адміністрацыйны арышт немінуча стане падставай для адлічэньня.

Пасьля апошняга затрыманьня, суду і арышту на 15 сутак так яно і сталася.

Яроменак: «Мне патэлефанавалі з унівэрсытэту, сказалі, што я адлічаны і мушу забраць дакумэнты. Афіцыйнай прычыны, напісанай у загадзе, я пакуль ня ведаю, бо па дакумэнты яшчэ не хадзіў».

Хлопец думае пра тое, каб працягваць вучобу, але ўжо не ў Беларусі.

Болей навін