Павел Севярынец: рэгістрацыя БХД можа быць прадметам гандлю

12 студзеня 2012 16:32  |  Палітыка

Беларускія ўлады могуць паспрабаваць згуляць на тэме рэгістрацыі Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў ходзе торгу з Захадам. Такое меркаванне карэспандэнту сайта «Товарищ.online» выказаў адзін з лідэраў БХД Павал Севярынец.
 
Сёння стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб прыпыненні на месяц працэсу рэгістрацыі Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
 
Карэспандэнт сайта «Товарищ.online» пацікавіўся ў аднаго з кіраўнікоў БХД Паўла Севярынца, які адбывае пакараньне на “хіміі” у якасці асуджанага па «Справе 19 снежня», ці не вядзе ўлада з партыяй перамоў на прадмет рэгістрацыі БХД?
 
У якасці прыкладу-гіпотэзы была прыведзена наступная формула: Севярынец, які адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаванні на імя прэзідэнта, такі дакумент падпісвае, а ўлада рэгіструе партыю.
 
Вось, што адказаў сустаршыня БХД:
 
– Са мной асабіста такіх перамоваў ніхто не вядзе. Я думаю, што калі гандаль вакол БХД будзе весціся, то ён будзе весціся пазней, калі Міністэрства юстыцыі будзе даваць нам адказ – цяпер яно на месяц адтэрмінавала прыняцце рашэння. Таму, калі ідзе размова аб гандлі – гэта адна з верагодных версій, то ўсё высветліцца дзесьці праз месяц-паўтара.
 
Гэтае пытанне будзе ставіцца ў першую чаргу перад еўрапейцамі, а не перад беларускімі палітвязнямі. Тут, як гаворыцца, ні мне, ні Віталю Рымашэўскаму не атрымаецца ніякім сваім рашэннем паўплываць на рэгістрацыю БХД.
 
У першую чаргу, ідзе размова пра спробу беларускіх уладаў згуляць на «тэме БХД», якая на Захадзе з’яўляецца адной з асноўных.
 
Але гэта толькі адна з версій. Цалкам верагодна, што ёсць і іншыя.

Болей навін