Салігорскія ўлады забаранілі мітынг у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў
Мітынг у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў у Салігорску забаранілі, але салігорцы падалі заяўкі на правядзенне новых масавых мерапрыемстваў.
Салігорскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне мітынгу ў падтрымку хрысціянскіх каштоўнасцяў на стадыёне “Будаўнік”. Сваю забарону чыноўнікі абгрунтавалі неадпаведнасцю пададзенай заявы патрабаванням 2-га артыкула Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, а падставай для адомвы пазначана рашэнне Салігорскага выканкаму №3817 ад 30.12.2011. Што дакладана не адпавядае заканадаўству — у лісце не тлумачыцца, як і не падаецца змест нідзе не апублікаванага рашэння выканкаму.
Заяўнік мітынгу, сябар БХД Уладзімір Шыла лічыць гэтае рашэнне неправавым і палітычна матываваным. Ён не верыць у станоўчы адказ уладаў на свае заяўкі, але накіраваў у выканкам яшчэ дзве новыя заявы на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Гэтым разам актывіст плануе зладзіць мітынг і пікет з патрабаваннямі правядзення свабодных парламенцкіх выбараў 2012 году і ўнясення зменаў у Выбарчы кодэкс. Мерапрыемствы мусяць адбыцца на стадыёне будаўнік 21 і 22 студзеня.