Дзяніс Садоўскі: мінінфармацыі мусіць вынесці папярэджанне БелТА за распаўсюд ілжывай інфармацыі
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі пракаментаваў заяву Міністэрства юстыцыі Беларусі аб тым, што дзяржаўнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла непраўдзівую інфармацыю пра нерэгістрацыю БХД.
“Цырк вакол рэгсітрацыі БХД працягваецца. Учора мы казалі, што трэба за непрафесіяналізм звольніць супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі. Відаць, за гэта ж трэба звольніць і супрацоўнікаў БелТА. Дарэчы, гэта вельмі добрая нагода для Міністэрства інфармацыі вынесці афіцыйнае папярэджанне дзяржаўнаму агенцтву БелТА за распаўсюд неправеранай, ілжывай інфармацыі”, – адзначыў ён.
У сваю чаргу сустаршыня БХД Павал Севярынец адзначыў, што сітуацыя, якая склалася, нагадвае гандаль вакол рэгістрацыі БХД. “Прыпыненне рэгістрацыі, адмова ў рэгістрацыі, а пасля абвяржэнне – усё гэтага на працягу аднаго тыдня – нагадваюць сабой сігнальны маячок. Пытанне толькі, каму ён адрасаваны? Хутчэй за ўсё ён “сігналіць” еўрапейцам”, – падкрэсліў палітык.
Нагадаем, што еўрапейскія хрысціянска-дэмакратычныя партыі з’яўляюцца вядучай палітычнай сілай у Еўропе. 8 снежня Еўрапейская Народная Партыя на сваім кангрэсе ў Марсэлі прыняла заяву па Беларусі, у якой, сярод іншага, патрабавала ад беларускіх уладаў рэгістрацыі БХД.