Віталь Рымашэўскі: асноўнае разыходжанне – колькі часу даць уладам на выкананне нашых умоваў
“Поўнамаштабны байкот можна аб’яўляць ўжо пасля 25 сакавіка. Асноўныя разыходжанні паміж суб’ектамі кааліцыі заключаюцца ў тым, якую дату вызначыць для выканання ўладамі ўмоваў апазіцыі. Але нават тут я не бачу рэзка прынцыповых разыходжанняў”.
Так ахарактарызаваў чарговы раўнд кансультацый у рамках “шасцёркі” сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
– Віталь, сёння БХД абвясціла аб байкоце «выбараў» і адначасова прыняла ўдзел у перамовах па выпрацоўцы адзінай стратэгіі дэмакратычнай кааліцыі шасці? Гэта сумяшчальныя рэчы?
– БХД выступае не за безумоўны байкот. Мы выступаем за байкот у тым выпадку, калі ўлады не выканаюць нашы патрабаванні. А мы выстаўляем фактычна тыя ж патрабаванні, якія вылучыла дэмакратычная кааліцыя яшчэ мінулым летам: вызваленне палітвязняў і змяненняў правілаў правядзення «выбараў».
Думаю, нам удасца пераканаць нашых партнёраў па «шасцёрцы» у нашай праўдзе.
Для нас непрымальны ўдзел кандыдатаў у дэпутаты ў галасаванні.
– БХД выступае супраць вылучэння кандыдатаў у дэпутаты?
– А вось тут ужо назіраюцца розначытанні паміж суб’ектамі кааліцыі. Хтосьці кажа аб зняцці кандыдатаў напярэдадні галасавання, хтосьці кажа аб невысоўванні наогул. Наша пазіцыя: калі ўлада не выконвае ўмовы да пэўнага часу – нашы кандыдаты не павінны быць у спісах для галасавання. І ў гэтым пазіцыя БХД – бескампрамісная.
Поўнамаштабны байкот можна пачынаць ужо пасля 25 сакавіка. Асноўныя разыходжанні паміж суб’ектамі кааліцыі заключаюцца ў тым, якую дату вызначыць для выкананьня ўладамі
ўмоваў апазіцыі. Але нават тут я не бачу рэзка прынцыповых разыходжанняў. Гаворка ідзе пра тое, колькі часу даць уладзе для выканання нашых умоваў.
У нас ёсць адзінства па двух пазіцыях: «выбары» па існуючых стандартах нельга прызнаваць, а палітвязні вінныя быць вызваленыя.
– Абвешчанае на сёння падпісанне адзінай стратэгіі не адбылося. Чаму?
– Я не ведаю, хто абвясціў аб падпісанні адзінай стратэгіі сёння. Хутчэй за ўсё, некаторыя СМІ проста нетактоўна падалі інфармацыю. Сёння было чарговае паседжанне «шасцёркі». Агульнае рашэнне не будзе лёгкім, не будзе хуткім – думаю, на працягу бліжэйшага месяца будзе выпрацаваны сумесны план дзеянняў на 2012 палітычны год.