Каардынацыйная група “За Волю” заклікае прызнаць палітвязнямі ў Беларусі 17 чалавек

26 студзеня 2012 07:58  |  Галоўныя навіны

25 студзеня адбылося першае паседжанне каардынацыйнай групы “За Волю” па вызваленню палітзняволеных і рэпрэсаваных.

 

У працы групы прыняла ўдзел 25 чалавек, у тым ліку  родныя палітзняволеных Марына Лобава, Марына Адамовіч, А.М. Дзядок, Інэса Крутая, намеснік руха “Разам” Алесь Макаеў, журналіст –блогер Юрась Навіцкі, прадстаўнік БХК Манькоўская Н.Ю., прадстаўнік “Мемарыяла” Ханжанкоў С.М., праваабаронца Садоўская Кацярына, сябры Нацыянальнай Рады БХД Валерыя Чарнаморцава і Ігар Лабкоў. У абмеркаванні пытанняў прыняў удзел (віртуальна) палітвязень Павал Севярынец.

 

Першае пытанне паседжання: колькі ж палітвязняў сення ў Беларусі? Справы Аляксандра Крутога і Аляксандра Малчанава. Быў прыняты Зварот да палітыкаў і праваабаронцаў, тэкст якога прыводзіцца ніжэй.

 

Другое пытанне: што рабіць дзеля спынення катаванняў палітзняволеных? Было вырашана бліжэйшым часам напісаць ліст у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем спынення катаванняў у турмах і прапанаваць грамадству далучыцца і накіровываць лісты аб спыненні гвалту і катаванняў у турмах у Генеральную пракуратуту; правесці  круглы стол з удзелам праваабаронцаў і ўсіх зацікаўленых асоб “Гвалт і катаванні ў беларускіх турмах”.

 

Трэцяе пытанне: інфармацыйнае асвячэнне тэмы палітзняволеных. Вырашана на наступнае паседжанне запрасіць прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і абмяркаваць  з імі тэму падання інфармацыі пра палітзняволеных і рэпрэсаваных. Мы лічым асвячэнне гэтай тэматыкі ў сродках масавай інфармацыі недастатковым.

 

Чацвертае пытанне : збор подпісаў пад зваротам да міжнароднай федерацыі па хакею “Пакуль не будуць вызваленыя палітвязні скажам НЕ чэмпіянату света2014 у Беларусі”.

Падпісныя лісты пакінутыя на сядзібе БНФ, усе жадаючыя могуць прыйсці і падпісацца.

 

Пятае пытанне –збор сродкаў на помнік Вольгі Дашкевіч, маці Змітра Дашкевіча. Заклікаем усіх далучыцца да гэтай акцыі. Скрыня для ахвяраванняў знаходзіцца ў памяшканні праваабарончага камітэта “Салідарнасць”.

 

Наступнае паседжанне каардынацыйнай групы “За Волю” адбудзецца ў наступную сераду 1.02.2012. а 16-й гадзіне.  Усе жадаючыя могуць далучыцца

 

Партыі БНФ, БХД,ОГП 

Рухам: “Разам”, “За свабоду”,

“Беларускі рух”, “Гавары праўду”,

Моладзевай арганізацыі МФ,

“Эўрапейская Беларусь”

Праваабарончым арганізацыям: “Вясна”, БХК, 

Платформа, “Салідарнасць”, “Праваабарончы  альянс”

 

Зварот

 

Мы -прадстаўнікі грамадства, сябры розных партый, рухаў, удзельнікі каардынацыйнай групы “За Волю”па вызваленню палітзняволеных  і рэпрэсаваных лічым, што ў Беларусі зараз 17 палітычных вязняў. Мы  звяртаемся да палітыкаў і праваабаронцаў з прапановай лічыць беларускімі палітычнымі зняволенымі:

  • 1.    Андрэя Саннікава
  • 2.     Міколу Статкевіча
  • 3.     Змітра Бандарэнку
  • 4.     Паўла Севярынца
  • 5.     Змітра Дашкевіча
  • 6.     Эдуарда Лобава
  • 7.     Міколу Аўтуховіча
  • 8.     Алеся Бяляцкага
  • 9.      Ігара Аліневіча
  • 10.            Аляксандра Францкевіча
  • 11.            Міколу Дзядка
  • 12.            Яўгена Васьковіча
  • 13.            Паўла Сырамолатава,
  • 14.           Арцёма Пракапенку
  • 15.           Сяргея Каваленкіу
  • 16.           Алеся Крутога
  • 17.           Аляксандра Малчанава

Просім далучыцца прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый для працы ў складзе каардынацыйнай групы “За Волю”.

 

Просім праваабаронцаў распрацаваць крытэрыі вызначэння тэрміна “палітвязень” у Беларусі з улікам сённяшняй рэчаіснасці так, як гэта зрабілі расейскія праваабаронцы і давесці гэтыя крытэрыі да грамадства.

 

Лічым справу Аляксандра Крутога цалкам палітычнай, беспрэцэндэнтнай па сваім цынізме і па колькасці парушэнняў крымінальна–працэсуальнага кодэкса. Заклікаем аказаць маральную і матэрыяльную падтрымку мужнаму, прынцыповаму чалавеку Аляксандру Крутому і яго сям’і, якая апынулася на мяжы выжывання.

 

Лічым крымінальную справу супраць Алеся Малчанава правакацыяй і патрабуем праваабаронцаў і палітыкаў быць вельмі пільнымі да гэтай справы, дапамагчы Малчанаву з адвакатам. Лічым, што, так як зараз улады распраўляюцца з былым палітвязням-“дзекабрыстам”, пераводзячы яго ў разрад “крымінальнікаў”, так жа ж расправяцца потым і з іншымі вызваленымі палітвязнямі. Заклікаем усіх да салідарнасці і еднасці!

 

Просім лідэраў партый, арганізацый і рухаў даць свой аргументаваны  адказ наконт спіса палітзняволеных цягам тыдня. Адказы накіроўваць па адрасе г. Менск, вул Чарнышэўскага 3-39 (для каардынацыйнай групы “За Волю”).

 

25.01.2012

Болей навін