Cлайд-фільм “Палітвязні” з’явіўся ў інтэрнэце (Відэа)
У інтэрнэце на відэа-сервісе Youtube з’явіўся слайд-фільм, прысвечаны 16 беларускім палітвязням. Фільм зроблены творчай суполкай “BRAMAFILM” адмыслова для круглага стала па пытанні вызвалення палітвязняў, які прайшоў у Менску 19 студзеня 2012 года.
У інтэрв’ю прэс-службе БХД стваральніца фільма, незалежны дакументальны рэжысёр Вольга Мікалайчык распавяла:
“Гэты відэа-слайд-фільм створаны адмыслова для інтэрнэта, каб нагадаць беларусам, што сёння за кратамі знаходзяцца жывыя людзі ў нялюдзкіх умовах. І гэтых людзей трэба літаральна ратаваць. Фільм зроблены літаральна за дзень і ноч на Вадохрыча для круглага стала. Але я лічу, што такія відэасюжэты пра палітвязняў трэба рабіць як мінімум кожныя 2 тыдні.
Я лічу сваім абавязам рабіць гэтыя інтэрнэт-відэа штораз, калі адбываецца пагаршэньне ўмоваў ці пагроза для здароўя цяперашніх палітвязняў, ці не дай Бог, з’явяцца новыя. Бо такія відэа-ролікі для інтэрнэту – адзін з самых дзейсных, на мой погляд мэсіджаў для беларускага грамадзтва, што людзі знаходзяцца за кратамі. Хочацца, каб былі лепшыя навіны, але пакуль атрымліваем весткі пра ўсё горшыя і горшчыя ўмовы ўтрыманьня і стан палітвязьняў. Таму ў нас гэта ўвесь час павінна быць на кантролі.”