Рымашэўскі: “Ва ўлады 2 задачы: легалізацыя і развал дэмакратычнай кааліцыі”

01 лютага 2012 16:16  |  Галоўныя навіны

На пытаньні чытачоў “Радыё Свабода” падчас онлайн канферэнцыі адказаў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

 

31 студзеня “Кааліцыя шасьці” апазыцыйных арганізацыяў ня здолела падпісаць плян сумесных дзеяньняў на будучых парлямэнцкіх выбарах. Пагадненьне не было падпісанае, бо 2 з 6 суб’ектаў адмовіліся зрабіць гэта. Гаворка ідзе пра “Справядлівы сьвет” і БХД.

Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі патлумачыў, што “за 5 хвілінаў да прэс-канфэрэнцыі рух “За свабоду” прадставіў новы тэкст дэклярацыі”. Рымашэўскі лічыць недапушчальным прадстаўленьне рухам “За свабоду” новага варыянту дэклярацыі, які “быў узгоднены зь некалькімі суб’ектамі, у прыватнасьці, нам загадзя ня быў прадстаўлены”.

Рымашэўскі: «Напачатку – пра апошнія падзеі у кааліцыі «шасьці».

Цягам апошніх некалькіх тыдняў вялася праца над выпрацоўкай супольнай стратэгіі апазыцыі да так званай «выбарчай» кампаніі 2012 году. Дэклярацыя, якую выклалі журналістам учора, была прапанаваная да падпісаньня некалькі тыдняў таму сп. Мілінкевічам. Для БХД проста немагчымае яе падпісаньне ў такім выглядзе, бо у тэксьце кажацца пра вылучэньне кандыдатаў на выбарах пры наяўнасьці палітвязьняў, цалкам ігнаруюцца ўсе іншыя пункты пагадненьня аб умовах правядзеньня свабодных выбараў, што былі падпісаныя прадстаўнікамі шасьці палітычных суб’ектаў улетку 2012 году.

Па-сутнасьці, у прапанаваным варыянце апазыцыі прапануецца разам з выканкамамі рэжыму правесьці мабілізацыю беларусаў на выбары, і даюцца абяцанкі зьняцца. Калі апазыцыйныя кандыдаты ўдзельнічаюць у кампаніі і здымаюцца за некалькі дзён – выбаркаму не спатрэбіцца нават фальсыфікаваць вынікі. Яўка будзе забясьпечаная, патрэбныя кандыдаты застануцца ў сьпісе для галасаваньня. Можна сьмела адкрыта падлічваць галасы. Вось такі падарунак Лукашэнку.

Удзельнічаць у такім брутальным адбельваньні рэжыму, зразумела, немагчыма. Дэклярацыя патрабавала дапрацоўкі.

Гэта было агучана адразу і, цягам двух тыдняў была выпрацаваная супольная пазыцыя, яе сутнасьць – у непрызнаньні выбараў, нават пры ўмове прызначэньня кандыдатаў ад апазыцыі, у правядзеньні супольных сустрэч з дэмакратычнымі актывістамі ва ўсіх рэгіёнах краіны і выпрацоўкі агульнага фармату правядзеньня кампаніі 2012 году.

Адначасова было дамоўлена аб правядзеньні супольнай інфармацыйнай кампаніі аб сытуацыі з палітвязьнямі і аб супольных патрабаваньнях да ўладаў.

Тэкст быў прыняты на сустрэчах аднагалосна, без усялякіх заўваг з боку руху ці ГП. Гэты тэкст і было дамоўлена агучыць на супольнай прэсавай канфэрэнцыі.

Аднак перад самым пачаткам прэсавай канфэрэнцыі была раздадзеная журналістам ранейшая прапанова Руху.

Цалкам верагодна, што кіраўнікі некаторых арганізацый проста спужаліся таго, што рэгіянальныя актывісты выкажуцца за байкот.

Абсалютна незразумела, навошта было тады прэзэнтаваць журналістам прэсавую канфэрэнцыю як супольную ад «кааліцыі шасьці».

Гэта права кожнай арганізацыі – падпісваць якія заўгодна пагадненьні і прымаць супольныя заявы.

Таксама права кожнага даваць ацэнкі гэтым пагадненьням.

Уся ж сытуацыя выглядае досыць сьмешна:

Няўдалая спроба справакаваць бойку і абмеркаваньне толькі гэтага факту ў жоўтай прэсе магчыма і адцягне ўвагу ад сутнасьці пытаньня – легалізацыя рэжыму беларускай апазыцыяй, але толькі часова.

Скандалы ж і развал кааліцыі выгадныя некаторым апазыцыянэрам толькі тактычна, стратэгічна выйграе толькі рэжым».

 

Рымашэўскі падкрэсьліў: пазыцыя БХД палягае ў тым, што “нельга ўдзельнічаць у выбарах пры наяўнасьці палітычных зьняволеных”.

 

Адказы на ўсе пытанні глядзіце тут.

Болей навін