Віталь Рымашэўскі: яны падпісалі мэмарандум пра пачатак мабілізацыйнай кампаніі электарату на “выбары” Лукашэнкі

02 лютага 2012 12:36  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў падпісаньне 2 лютага чатырма апазыцыйнымі структурамі Дэклярацыі аб грамадзкай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазыцыі ў выбарчай кампаніі 2012 году.

 

“Сёньня усе жадаючыя падпісалі мэмарандум пра пачатак мабілізацыйнай кампані электарату на “выбары” Лукашэнкі. Фактычна гэта тая ж самая дэклярацыя Руху За Свабоду і Гавары Праўду, якую спрабавалі правесьці як супольную пазыцыю шасьці палітычных суб’ектаў. Яна была прапанаваная да падпісаньня некалькі тыдняў таму спадаром Мілінкевічам. Для БХД проста немагчымае яе падпісаньне, бо ў тэксьце кажацца пра вылучэньне кандыдатаў на выбарах пры наяўнасьці палітвязьняў, цалкам ігнаруюцца ўсе іншыя пункты пагадненьня аб умовах правядзеньня свабодных выбараў, што былі падпісаныя прадстаўнікамі шасьці палітычных суб’ектаў улетку 2011 году”, – адзначыў ён.

 

“Па сутнасьці, у прапанаваным варыянце апазыцыі прапануецца разам з выканкамамі рэжыму правесьці мабілізацыю беларусаў на выбары, і даюцца абяцанкі зьняцца. Калі апазыцыйныя кандыдаты ўдзельнічаюць у кампаніі і здымаюцца за некалькі дзён – выбаркаму не спатрэбіцца нават фальсыфікаваць вынікі. Яўка будзе забясьпечаная, патрэбныя кандыдаты застануцца ў сьпісе для галасаваньня. Можна сьмела адкрыта падлічваць галасы. Вось такі падарунак Лукашэнку. Удзельнічаць у такім брутальным адбельваньні рэжыму, зразумела, немагчыма”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін