У Салігорску масава забараняюць масавыя мерапрыемствы
Адразу шэсць масавых мерапрыестваў забаранілі ўлады ў Салігорску. Фармальнай падставай для гэтага стала нібыта парушэнне новаўведзеных патрабаванняў у атрыкул 8 Закона “Аб масавых мерапрыествах” – абвяшчэнне ў Інтэрнэце даты правядзення пікетаў і мітынгаў.
Сам заяўнік мерапрыемстваў называе прычыны надуманымі:
– Так, у Сеціве была сціплая інфармацыя пра нашыя планы. Мы называлі даты, на якія ўсяго толькі падавалі заяўкі, але нідзе не казалася, што менавіта ў той дзень мерапрыемствы і адбудуцца, – кажа актывіст БХД Уладзімір Шыла. – І калі ўжо фармальна падыходзіць, дык сітуацыя ўвогуле выглядае абсурдна. Мала ці хто, дзе і што напісаў у глабальнай сетцы. Фактычна салігорскія чыноўнікі ўзялі на ўзбраенне прынцып “прэзумпцыі вінаватасці” – “Арганізатары вінаватыя, пакуль не даказана адваротнае”. Зрэшты, парушэнне асноватворных прынцыпаў прававой дзяржавы ў нашай краіне з’яўляецца штодзённасцю.
Салігорскі актывіст адзначае, што выканкамаўскія адказы па-ранейшаму не ўтрымліваюць канкрэтных матывіровак. Якімі непасрэднымі дзеяннямі арганізатараў былі парушаны патрабаванні заканадаўства – застаецца здагадвацца самім.
Тым не менш Уладзімір Шыла здавацца не збіраецца:
– Заяўкі будуць накіроўвацца, пакуль не дадуць дазволу. Больш за тое, пакуль не будуць задавольваць кожную з нашых заявак. Часу на напісанне новых у нас багата, таму салігорскім ідэолгам адпачываць не давядзецца. Калі ўлады стануць дазваляць кожнае масавае мерапрыества ў горадзе і мы наўпрост фізічна не зможам удзельнічаць ва ўсіх, вось тады чыноўнікі змогуць расслабіцца.
У бліжэйшы час салігорскія актывісты зноў запланавалі правядзенне шасці массавых мерапрыестваў – чатыры пікеты, мітынг і шэсце. Адпаведныя заяўкі ўжо накіраваныя ў райвыканкам. Мэты мерапрыемстваў засталіся тыя ж – патрэбаванне вызваленне палітвязняў, пратэст супраць росту коштаў і збяднення насельніцтва ды абмеркаванне хады выканання рашэнняў IV Усебеларускага сходу.