Зварот БХД да незалежных дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі

06 лютага 2012 09:20  |  Галоўныя навіны

Зварот


Партыі Беларускай Хрысціянская дэмакратыя
да незалежных дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі.

У гэтым годзе ў нашай краіне пройдзе кампанія, якую ўлады называюць «выбарамі» у «парламент».

Улічваючы тое, што:
— дэмакратычная апазіцыя, большасць грамадзян і міжнародна супольнасць выдатна разумеюць, што сёння ў Беларусі няма ні сапраўдных выбараў, ні гэтага парламента;
— магчымае ўключэнне рэжымам прадстаўнікоў апазіцыі ў склад «парламента», ні ў якай меры не зможа служыць падставай для палітычнага прызнання гэтага органа.
— адначасовая рэалізацыя апазіцыяй двух сцэнарыяў — кампаніі байкоту і ўдзелу (мабілізацыі электарату на «выбары») прывядзе да аслаблення і дыскрэдытацыі ўсёй апазіцыі сярод насельніцтва і міжнароднай супольнасці, развалу існуючай кааліцыі і новай магчымасці для лабістаў рэжыму.

Дзеля таго, каб прыйсці да перамогі, нам трэба паразуменне і кансалідацыя дэмакратычных сіл і грамадзян краіны.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прапануе незалежным дэмакратычным сілам, усім грамадзянам Беларусі, якія выступаюць супраць існуючага рэжыму:
 да 25 сакавіка 2012 г правесці сумесныя сходы дэмакратычных актывістаў і грамадзян ва ўсіх рэгіёнах краіны;
да ўдзелу ў сходах запрасіць усе зацікаўленыя дэмакратычныя арганізацыі і ініцыятывы, шараговых грамадзян краіны.

На сходах, вызначыць фармат правядзення сумеснай палітычнай кампаніі 2012 года, і вылучыць дэлегатаў на Усебеларускі Народны З’езд. Усебеларускі Народны З’езд правесці да канца красавіка 2012 года.


Яго асноўная задача – прыняць агульны для ўсіх дэмакратычных сіл план правядзення кампаніі 2012 года і зацвердзіць яго як адзіны для ўсіх дэмакратычных сілаў краіны.

На дадзены момант, у Беларусі ёсць толькі адна сіла, здольная змяніць сітуацыю – актывісты дэмакратычных арганізацый (палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў) і простыя грамадзяне краіны, якія не падтрымліваюць уладу. Яны нічога не атрымліваюць ад закулісных гульняў прадстаўнікоў апазіцыі і ўлады. Менавіта на іх меркаванне павінны абапірацца лідэры партый і рухаў. Менавіта яны з’яўляюцца пачаткам грамадзянскай супольнасці Беларусі. Іх голас павінен быць вырашальным у прыняцці палітычных рашэнняў лідэрамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Беларуская Хрысціянская дэмакратыя

Болей навін