Удзельнікі групы “За Волю” павіншавалі з днём народзінаў Андрэя Саннікава (Відэа, фота)
Удзельнікі групы “За Волю”, куды ўваходзяць і сябры БХД, на сваёй сустрэчы ў сераду 7 сакавіка адзначылі дзень народзінаў палітвязня, кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саннікава ды падарылі Андрэю Алегавічу беларускамоўную Біблію і бел-чырвона-белы парасон. 8 сакавіка, у дзень народзінаў палітвязня, гэтыя падарункі былі перададзеныя яго маці Але Саннікавай.
На сустрэчы групы “За волю” адбыўся прагляд фільмаў пра Саннікава. Затым былы палітвязень Зьміцер Дрозд распавеў пра свае ўражанні ад знаёмства з Андрэем Алегавічам. Таксама падзяліліся сваімі ўспамінамі і іншыя сябры ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава.
Група “За Волю” падаравала Андрэю Алегавічу Саннікаву Біблію у перакладзе на беларускую мову ксёндза Уладзіслава Чарняўскага (які ў 1968 годзе атрымаў блаславенне на працу ад пантыфіка Паўла VI), адрэдагаваным пратэстанскім пастарам Антоніем Бокунам. Актывісты групы перадалі пажаданні, каб гэтая цудоўная кніга дапамагла спадару Андрэю перажыць цяжкія хвіліны свайго жыцця і на працягу ўсяго жыццевага шляху заставалася галоўнай Кнігай.
Сябры групы “За Волю” таксама падаравалі Ірыне і Андрэю Алегавічу парасон у нацыянальных бела-чырвона-белых колерах з пажаданнем пасля вызвалення спадара Андрэя абавязкова прашпацыраваць пад цеплым вясенім дажджом пад гэтым парасонам.
Напрыканцы сустрэчы ў выкананні Юля Фраловай прагучала, прысвечаная Саннікаву і іншым беларускім палітвязням песня-малітва “Малітва за Беларусь”.
У чацвер, 8 сакавіка пасля традыцыйнай штодзённай малітвы за палітвязняў ля Чырвонага касцёла сябры групы “За Волю” сустрэліся з маці Андрэя Саннікава Алай Уладзіміраўнай і павіншавалі яе з днём народзінаў сына.