11 красавіка, метро Кастрычніцкая – Мы памятаем!
Маладыя хрысьціянскія дэмакраты разам зь іншымі беларускімі моладзевымі ініцыятывамі заклікаюць заўтра, 11 красавіка, у гадавіну тэракту у Менскім метро ўшанаваць памяць ахвяраў тэракту: прыходзіць з 19 да 20-й гадзіны да станцыі Кастрычніцкай, прыносіць кветкі і свечкі на месца трагедыі.
11 красавіка 2011 года застанецца ў памяці абсалютнай большасьці беларусаў як дзень трагедыі, безсэнсоўнага забойства людзей у Менскім метрапалітэне. Праз год – пытаньняў: каму? і навошта ? гэта было патрэбна – ня стала менш, чым было адразу пасьля выбуху. І хаця “тэрарысты” былі злоўленыя праз тры дні, асуджаныя і расстраляныя менш чым праз год, пытаньняў у грамадзтве засталося нашмат больш, чым адказаў. А многія ўпэўненыя, што за гэты час ахвяраў тэракту стала на 2 чалавекі больш.
Заўтра будзе першая гадавіна трагедыі і мы, моладзь, заклікаем усіх неабыякавых людзей 11 красавіка прыносіць кветкі на месца трагедыі, як і год таму, у перыяд часу з 19 да 20 гадзін.
Мы памятаем. Мы Спачуваем. Мы Салідарныя.
Малады Фронт, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, Еўрапейская Беларусь, Маладыя Дэмакраты, Рэвалюцыя Праз Сацыяльныя Сеці, Зьмена, Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада .