Інэса Крутая: Няма ні здароўя, ні працы, ні пенсіі

11 красавіка 2012 12:11  |  Грамадства

Сёння спаўняецца роўна год з дня жудаснага тэракту, які адбыўся 11 красавіка 2011 года, на станцыі метро Кастрычніцкая. Пацярпелая падчас выбуху ў мінскім метро Інэса Крутая адмовілася ад мізэрнай кампенсацыі за фізічную шкоду, якую яна атрымала ў выніку тэракта. Па яе меркаванню, дзяржаўныя органы абыякава ставяцца да яе праблемаў са здароў’ем.


Падчас выбуху Інэса Крутая  была паблізу ад эпіцэнтру выбуху і атрымала моцныя траўмы.

 

– Адно вока амаль аслепла. Лячылася ў платнай клініцы. Тое, што мне зрабілі ў дзяржаўнай, не дапамагло. Без дапамогі людзей, толькі з дзярждапамогай, я б зараз мела яшчэ большыя праблемы. Я так зразумела, што мне здымалі ацёк мозга. Таму зараз менш баліць галава, не цягну больш нагу. Каб атрымаць пенсію, трэба прайсці абследаванне ў дзяржаўных клініках, а яны гэтага рабіць не хочуць. З працы мяне ўжо звольнілі. Працы няма, здароўя няма, няма ні пенсіі, ні інваліднасці. Вось так і жыву.


Становішча Інэсы Крутой ускладняецца яшчэ і тым, што яе бацька, Аляксандр Круты, які з’яўляўся яе прадстаўніком падчас следства і суда па справе тэрактаў, на пяты дзень працэсу быў арыштаваны, а потым асуджаны. Інэса Крутая звязвае гэта з ягоным недаверам да афіцыйных вынікаў следства і актыўнымі спробамі разабрацца ў справе. Гэты недавер Інэса Крутая цалкам раздзяляе і лічыць, што справа сфабрыкавана, віна Кавалёва і Канавалава недаказаная, а сапраўдныя арганізатары і выканаўцы злачынства пазбеглі адказнасці.

Болей навін