У Кітаі за барацьбу з абортамі камуністычныя ўлады пераследуюць сляпога дысідэнта
Сляпы кітайскі актывіст Чэнь Гуанчэн заявіў у пятніцу 4 траўня, што непакоіцца за сваю бяспеку і хацеў бы пераехаць разам са сваёй сям’ёй у ЗША “на час”.
У тэлефоннай размове з журналістамі з пекінскай бальніцы дысідэнт заявіў, што не сустракаўся з прадстаўнікамі ЗША з серады, калі пакінуў амерыканскае пасольства, дзе знаходзіўся да гэтага амаль тыдзень, уцёкшы з-пад хатняга арышту.
«Маё становішча не вельмі добрае, – сказаў ён. – Я толькі што даведаўся, што мае сябры былі збітыя, калі спрабавалі наведаць мяне. Я не бачыў амерыканскіх дыпламатаў два дні. Ім не дазволілі адведаць мяне, калі яны прыйшлі. Сітуацыя дрэнная».
Раней Чэнь Гуанчэн звярнуўся па дапамогу да амерыканскіх заканадаўцаў. Падчас слуханняў у Кангрэсе ў чацвер адбыўся сеанс прамой тэлефоннай сувязі з ім, у ходзе якога актывіст сказаў, што спадзяецца на сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Хілары Клінтан, якая прымае ўдзел у двухдзённых перамовах на высокім узроўні ў Пекіне.
Спачатку Чэнь Гуанчэн прыняў умовы пагаднення, дасягнутага паміж амерыканскімі і кітайскімі ўладамі, у адпаведнасці з якім ён мог застацца ў «бяспечным» месцы ў Кітаі і вывучаць права ва ўніверсітэце. Аднак праз некалькі гадзін пасля сыходу з амбасады ЗША, ён перадумаў, заявіўшы, што яго сям’я падвергнулася пагрозам і ён хоча пакінуць краіну.
Міністэрства замежных спраў Кітая ў пятніцу адкрыла дарогу да магчымага выхаду з дыпламатычнага тупіка, калі заявіла, што дысыдэнт можа падаць заяўку на вучобу за мяжой, «як і любы іншы грамадзянін Кітая».
Кітайскія дзяржаўныя СМІ разглядаюць інцыдэнт з Чэнь Гуанчэном ў песімістычным святле. У рэдакцыйным артыкуле газеты Beijing Daily, апублікаванай у пятніцу, гаворыцца, што актывіст «стаў інструментам і пешкай амерыканскіх палітыкаў, якія спрабуюць ачарніць Кітай».
Пекін ужо запатрабаваў выбачэнняў ад ЗША за прадастаўленне хованкі дысідэнту, назваўшы гэта непрымальным умяшаннем ва ўнутраныя справы КНР.
Адвакат-самавук і праваабаронца, Чэнь Гуанчэн сляпы ад нараджэння. У 2006 годзе яго прысудзілі да чатырох гадоў турмы за выступы супраць прымусовых абортаў, практыкаваных у Кітаі ў рамках палітыкі па кантролі за колькасцю насельніцтва. З 2010 года ён утрымліваўся пад хатнім арыштам, але 22 красавіка яму ўдалося збегчы.