Заява БХД: у Беларусі распачаліся рэпрэсіі супраць прыхільнікаў байкоту

06 ліпеня 2012 10:12  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абураная прысудам, вынесеным 5 ліпеня віцебскай актывістцы БХД Алене Семенчуковай, якая атрымала 10 сутак арышту за “непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікам міліцыі”: у яе заплечніку знайшлі 34 ўлёткі за байкот “выбараў”.

 

Так званае “непадпарадкаванне” заключалася ва ўпэўненасці, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь заклік да байкоту, як і сам байкот, – права кожнага грамадзяніна. Прысуд актывістцы відавочна парушае яе канстытуцыйныя правы на свабоду думкі і на распаўсюд інфармацыі.

 

Дадзены факт, а таксама вырак актывісту Маладога Фронту Яўгену Гуцалаву яскрава сведчаць, што ў Беларусі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў байкоту. Гэтыя затрыманні і прысуды паказваюць на панічны страх уладаў перад байкотам парламенцкіх “выбараў”.

 

Яны сведчаць, што ўлады не збіраюцца праводзіць ніякую лібералізацыю нават напярэдадні выбараў, а тым больш праводзіць іх свабодна і дэмакратычна.

 

Апроч таго, Алену за яе грамадска-палітычную дзейнасць ужо пазбавілі магчымасці навучання ў прэстыжным універсітэце Віцебска і цяпер перашкаджаюць яе паступленню ў адзну з Еўрапейскіх ВНУ, бо менавіта на час яе арышту даводзіцца сумоўе, ад якога ўласна і залежыць яе паступленне.

 

Болей навін