Бабруйскія ўлады не выявілі антыкаталіцкіх надпісаў у былым касцёле (фота)

10 ліпеня 2012 13:46  |  Галоўныя навіны

Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Дзяніс Садоўскі атрымаў адказ з Бабруйскага гарвыканкаму на заяву БХД з просьбай даследваць з’яўленне антыкаталіцкіх надпісаў на сценах былога езуіцкага касцёлу. Адказ падпісаў намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў.

 

Згодна з адказам, 19 чэрвеня будынак касцёлу абследвала камісія з прадстаўнікоў аддзелу ЖКГ, культуры і ідэалагічнай работы, якая не выявіла надпісаў, “заклікаючых да гвалтавання каталікоў”.

 

“Разам з тым прадпрынятыя вычарпальныя меры па забароне доступу чужых асоб унутр будынка і забеспячэння яго належнага санітарна-тэхнічнага стану”, – гаворыцца ў адказе.

 

Нагадаем, што на сценах касцёла сапраўды не было выяўлена надпісаў, заклікаючых да “гвалтавання” каталікоў, але ж там былі выяўленыя надпісы наступнага зместу: «Смерть католикам, слава России» і «Баболя п..р. Смерть иезуитам. Бей панов, спасай Россию». 

 

“Відавочна, што ніякага дэталёвага абследвання не было. Касцёл па-ранейшаму знаходзіцца ў паўразбураным стане, а гэты адказ – звычайная адпіска. Мы будзем чакаць адказу з упраўлення ўнутраных спраў Бабруйска, якое праводзіць асобную праверку, і калі мы атрымаем чарговую адпіску, то будзем абскарджваць бяздзеянне і халатнасць адказных асоб у вышэйстаячых інстанцыях. Таксама мы будзем патрабаваць правядзення незалежнай грамадскай экспертызы захаванасці будынку”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

 

Бабруйскія ўлады не выявілі антыкаталіцкіх надпісаў у былым касцёле (фота)

 

 

 

Болей навін