Генсакратар КРФ: наша задача – распаўсюджваць хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці
У пятніцу, 24 жніўня, у Нарвегіі будзе вынесены прысуд Андэрсу Брэйвіку, які забіў 22 ліпеня 2011 ў Осла і на востраве Утоя 77 чалавек. У сувязі з гэтым карэспандэнт Тэлеграфа папрасіў Кнута Яра (Knut Jahr), генеральнага сакратара партнёрскай партыі БХД – Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі (КРФ), выказаць сваё меркаванне па дадзеным тэракце і працэсе па ім, а таксама параўнаць яго з тэрактам у менскім метро, які таксама адбыўся ў 2011 годзе.
Telegraf.by: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля выбуху ў мінскім метро заявіў, што яго прычынай стала празмерная дэмакратыя ў краіне, ад якой ўсіх “ванітавала”? Ці згодныя вы з такім меркаваннем?
Кнут Яр: У Нарвегіі мы не абмяркоўваем тое, пра што казаў Лукашэнка, так як альтэрнатывай дэмакратыі можа стаць поўная закрытасць і дыктатура. І гэта не тое грамадства, у якім мы б хацелі жыць. Так, мне здаецца, думае большасць нарвежцаў. Мы любім дэмакратыю. Мы любім адкрытасць. Так, у нашага прэм’ер-міністра нядаўна з’явілася ахова, але ён усё роўна спакойна шпацыруе па вуліцах. Гэта вельмі адкрытае грамадзтва.
Наш прэм’ер-міністр сказаў пасля тэракту: больш дэмакратыі, больш адкрытасці. І я думаю, што ўсе нарвежцы так думаюць. Нельга быць на 100% упэўненым, што не знойдуцца людзі, якія захочуць здзейсніць што-небудзь падобнае. Мы гэта бачым і ў ЗША, і ў Швецыі, і ў іншых краінах. Я лічу, што мы наадварот павінны падтрымліваць дэмакратыю і адкрытасць грамадства.
Асноўнае пытанне, якое зараз хвалюе нарвежскае грамадства: ці здаровы Брэйвік ці не нездаровы. Калі ён нездаровы, калі ён вар’ят і не адказваў за свае ўчынкі, то ён не патрапіць у турму і яго будуць лячыць. І мы да гэтага часу не ведаем, ці здаровы ён. Яго правяралі дзве групы лекараў. Першая група сказала, што ён хворы і не нясе адказнасці, другая – што ён здаровы і нясе адказнасць. І таму людзі чакаюць у напружанні, які ж будзе канчатковы вердыкт.
Брэйвік змагаецца за тое, каб яго прызналі няхворым, і ён заяўляе, што дзейнічаў па палітычных матывах. Але, калі яго прызнаюць нездаровым і няздольным адказваць за свае ўчынкі ў момант тэракту, то гэта значыць, што тэракт быў справай рук вар’ята. Не палітычнай акцыяй.
Telegraf.by: У Беларусі Кавалёва і Канавалава, асуджаных за выбух у менскім метро, расстралялі праз 11 месяцаў пасля тэракту. У Нарвегіі ж суд над Брэйвікам цягнецца ўжо больш за год. У чым прычына гэтага?
Кнут Яр: У Нарвегіі доўгая падрыхтоўка да суду і сам доўгі суд дапамагаюць нам усім прайсці праз гэта. Дадзены працэс цалкам адпавядае нашаму грамадству, у якім паважаюць правы чалавека. У Брэйвіка ёсць магчымасць казаць тое, што ён хоча сказаць, у сведак – тое, што яны хочуць. Пракурор распавядае крок за крокам аб кожнай ахвяры, пра ўсіх 77-і: як хто паміраў, як Брэйвік раніў іх і так далей.
Я размаўляў з людзьмі, якія былі звязаныя з гэтым працэсам, і яны радыя, што працэс быў настолькі глыбокім. Яны радыя, што ўсе бакі гэтага тэракту былі прадстаўленыя ў судзе. І Брэйвік быў вымушаны сядзець і слухаць усё гэта: як ён забіваў людзей, як ён параніў іх.
Мы не лічым, што суд, які пачаўся 16 красавіка, цягнецца занадта доўга. Мы лічым, што неабходны час, каб падрыхтавацца да суду, каб усе ўлічыць. Мы лічым гэта нармальным. Нельга выносіць прысуд толькі праз 11 месяцаў пасля тэракту.
У нас таксама ёсць парламенцкая камісія “22 ліпеня”, якую ўзначальвае лідар нашай партыі Кнут Аральд Харэйдэ. 13 жніўня яна выступіла з дакладам пра тое, як мы можам палепшыць дзяржаўную палітыку ў дачыненні да паліцыі, аховы і таму далей. Камісія вывучыла ўсе бакі гэтай падзеі, гэтай трагедыі: як рэагавала паліцыя, як ваенныя рэагавалі, як паводзілі сябе ўлады. Яны прайшліся па ўсім, паднялі ўсе камяні. І некаторыя людзі панеслі адказнасць за гэта. Наогул, многія людзі пазбавіліся сваіх пасад пасля тэракту: міністр юстыцыі, кіраўнік паліцыі і многія іншыя.
Telegraf.by: Як вы лічыце, якога пакарання заслугоўвае Брэйвік? Ці ёсць на гэты конт пэўная пазіцыя КРФ?
Кнут Яр: Так, ёсць. Пазіцыя КРФ даволі ясная. Згодна з нашымі хрысціянска-дэмакратычнымі каштоўнасцямі, мы не падтрымліваем смяротнае пакаранне. Мы лічым, што толькі Бог мае права забіраць чалавечае жыццё.
Мы лічым, што Брэйвік павінен быць агароджаны ад грамадства. Ён не павінен больш быць часткай грамадства. Максімальнае пакаранне, якое ён можа панесці – 30 гадоў пазбаўлення волі. Але, тым не менш, калі яго прызнаюць небяспечным для грамадства, то ён можа застацца ў турме і на больш доўгі тэрмін.
Мы таксама лічым, што павінны прытрымлівацца законаў, якія ёсць сёння. Таму што хочам жыць у справядлівым грамадстве. Закон не можа мець зваротнай моцы. І большасць нарвежскіх партый таксама падтрымліваюць гэта. Яны не падтрымліваюць смяротнае пакаранне. Смяротнае пакаранне – гэта не тэма для абмеркавання.
Telegraf.by: У сваёй заяве Брэйвік аб’яўляў сябе ультраправым актывістам, які змагаецца супраць іміграцыі. Ці паўплывала гэта якім-небудзь чынам на папулярнасць правых партый Нарвегіі? Ці сталі яны меней папулярнымі?
Кнут Яр: Найбольш уплывовай правай партыяй у Нарвегіі з’яўляецца Партыя прагрэсу. Яе папулярнасць трохі звалілася год-два таму, але я не лічу, што гэта неяк звязана з 22 ліпеня. Дарэчы, Брэйвік быў сябрам гэтай партыі некалькі гадоў таму. Але я не лічу, што мы павінны асуджаць усю партыю, калі адзін з яе членаў здзейсніў падобныя ўчынкі.
Вядома, у Нарвегіі ёсць групы, якія вельмі скептычна настроеныя ў адносінах да імігрантаў. Таксама ў Нарвегіі, як і ва ўсіх краінах, ёсць групы расістаў. Але яны непартыйныя.
Партыя прагрэсу выступае за абмежаванне іміграцыі, але яны далёкія ад поглядаў Брэйвіка. Ён больш прытрымліваецца фашысцкай ідэалогіі. Ён заўсёды паўтараў: “Мне шкада, што я забіў іх, але я павінен быў”. Гэта была яго мантра: “прабачце, але гэта было неабходна”. Я думаю, што большасць партый асуджаюць яго. Нельга весці замежную палітыку, грунтуючыся на поглядах Брэйвіка.
Telegraf.by: Праблема іміграцыі ў Нарвегіі настолькі вялікая, як яе апісваў Брэйвік?
Кнут Яр: Мы выступаем за гуманную палітыку. Мы, як хрысціяне, выступаем за тое, што неабходна клапаціцца аб сіротах і абяздоленых. Кожны чалавек унікальны і заслугоўвае асаблівага стаўлення да сябе. І гэта мы павінны падкрэсліваць ў сваёй дзейнасці.
Большасць імігрантаў, якія прыбываюць у Нарвегію ў пошуках прытулку, маюць патрэбу ў абароне. І мы лічым, што людзі, якім патрэбна абарона, павінны яе атрымаць. Людзі, якім па вяртанні дадому пагражае смерць або катаванні, павінны мець магчымасць застацца. І ў законе агаворана, што такія людзі павінны быць абароненыя ад пагрозы высылкі дадому.
У якасці прыкладу тут можна прывесці мусульманскага мулу Крэкара з Курдыстана. Урад меў намер выправадзіць яго з краіны на радзіму. Але, калі б гэта адбылося, яму б пагражала смяротнае пакаранне. І ў выніку яго не выслалі з краіны.
Згодна з хрысціянска-дэмакратычнымі каштоўнасцямі, мы павінны клапаціцца пра людзей і ставіцца да кожнага індывідуальна. Але, усё ж такі, іміграцыя – гэта не простая тэма.
Telegraf.by: Вы шмат казалі аб хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцях. Якім вы бачыце будучыню хрысціянскай дэмакратыі ў Нарвегіі ў прыватнасці і ў Еўропе ў цэлым?
Кнут Яр: Марцін Лютар Кінг сказаў: “У мяне ёсць мара”. Я лічу, што і хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, і духоўны лад жыцця пашыраюцца. Не толькі сярод хрысціян, але і сярод тых, хто шукае сэнс жыцця. Я думаю, што ў гэтага ёсць будучыня. Наша задача – распаўсюджваць хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці так, каб людзі іх разумелі.
Мы хочам грамадства, якое грунтуецца на сям’і, на магчымасці самарэалізацыі чалавека. Мы і не лібералы, якія лічаць, што чалавек сам можа дасягнуць усяго, але і не сацыялісты, якія заклікаюць да празмернага калектывізму. Мы знаходзімся па сярэдзіне, у цэнтры. Мы прызнаем магчымасці і каштоўнасці індывіда, але і не забываем пра інтарэсы ўсяго грамадства.
Важнасць духоўных каштоўнасцей усё павялічваецца ў свеце. І па меры паглыблення крызісу яна будзе расці. Падчас крызісу, людзі больш думаюць пра духоўныя каштоўнасці, так як яны бачаць, што грошы не могуць гарантаваць дабрабыту.