Заява БХД: Цкаванне Дашкевіча – злачынства без тэрміну даўніны

29 верасня 2012 15:02  |  Галоўныя навіны

26 верасня з’явілася інфармацыя пра ціск на лідара Маладога Фронту, палітвязня Змітра Дашкевіча з боку адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі № 20 і асабіста яе кіраўніка Юрыя Збароўскага. У прыватнасці, начальнік калоніі зняважліва выказваўся у дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў і веры Змітра Дашкевіча, пагражаў яму гвалтам з боку іншых вязняў, усяляк абражаў і зневажаў палітвязня. У выніку чаго ён быў вымушаны аб’явіць галадоўку пратэсту.

 

Аргкамітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі патрабуе ад кіраўніцтва Мазырскай калоніі спыніць рэпрэсіі і здзекі ў дачыненні да лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча.

 

Дзеянні Юрыя Збароўскага і ўсіх датычных да цкавання Дашкевіча падпадаюць пад вызначэнне крымінальнага злачынства без тэрміну даўніны.

 

Публічная абраза верніка-хрысціяніна ў краіне з 1000-гадовай хрысціянскай гісторыяй – выклік усім Цэрквам Беларусі, усяму грамадству. Аргкамітэт БХД заклікае ўсіх людзей добрай волі падтрымаць Змітра Дашкевіча, а Генеральную пракуратуру правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае даследванне прыведзеных фактаў.

 

Аргкамітэт БХД патрабуе вызвалення Змітра Дашкевіча і іншых палітвязняў. Свабоду Дашкевічу, свабоду Беларусі!

Болей навін