Сацыяльны педагог: нічога не ведаю і не скажу
За цэлы дзень тэлефанавання толькі аднойчы атрымалася датэлефанавацца да сацыяльна-педагагічнага цэнтру Савецкага раёну Менска, прадстаўнікі якога пагражалі праблемамі сям’і адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага.
Разам з тым на паўторны званок праз 10 хвілін ужо ніхто не адказваў.
Перапужаная тэлефанаваннем дырэктарка цэнтру ў размове нічога ўцямнага адказаць не змагла на пытанні, хто даваў заданне правяраць умовы, у якіх жывуць дзеці палітыка, ці правяраюць дзяцей усіх асобаў, хто хоць аднойчы быў зняволены на Акрэсціна, ці разумее яна, што арышт Дзяніса Садоўскага быў палітычна матываваны і гэтак далей. Жанчына сказала, што будзе разбірацца і што ёй трэба перагаварыць з жанчынай, якая прыходзіла да Дзяніса Садоўскага. Ніякіх каментараў яна даваць зараз не можа і не ведае, ці будзе гатова іх даць хоць калі-небудзь.