Алег Нагорны. Свецкі не значыць савецкі

06 лістапада 2012 20:35  |  Палітыка

Дзіўна чытаць, як выкладчык палітычных навук ЕГУ спадар Уладзіслаў Гарбацкі ў псогасе “Штраф за палітычнае хрысьціянства” вінаваціць беларускіх хрысціян за сцягванне Беларусі ў архаічнасць, і пры гэтым грунтуе сваю пазіцыю на архаічным разуменні свецкасці.

 

Логіка “дзяжурная”: Царква аддзелена ад дзяржавы, значыць хрысціяне не маюць парва выступаць з заканадаўчымі ініцыятывамі ў свецкай краіне.

 

І як гэта выкладчык палітычных навук не валодае навуковымі і прававымі вызначэннямі паняцця?! «Свецкасць значыць савецкасць!», — гэтую паранавуковую формулу, спадар Гарбацкі, трэба даўно пахаваць разам з іншымі вынаходкамі савецкага агітпропа.

 

Аддзеленасць ад дзяржавы значыць, што “для светского государства в принципе характерно признание церкви, религиозных объединений не государственными институтами, а институтами гражданского общества, общественными организациями” [[1]], а не тое што вернікі пазбаўляюцца права голасу ў дэмакратычным працэсе.

 

(Спадзяюся спадар Гарбацкі ў сваім аддзяленні Царквы ад дзяржавы не дайшоў да стадыі аддзяленнія вернікаў ад грамадства, а грамадства ад удзела ў прававым жыцціі краіны?) 

 

 Свецкі – значыць не падпарадкаваны царкоўным уладам і інстытуцыям, а не выведзены з рэлігійнай аксіялагічнай прасторы. Скажам, які-небудзь выкладчык матэматыкі ў каталіцкім універсітэце не мае быць свецкім чалавекам, нават калі сам не вызнае рэлігійных каштоўнасцяў, бо падпарадкаваны царкоўным уладам. А вось праваслаўны філосаф Сямён Франк – чалавек свецкі, бо не быў падначалены царкоўным структурам.

 

Нават сорамна напамінаць спадару палітолагу, што між свецкіх мадэляў дзяржаўнасці маюцца і такія як прэферэнцыяльная, ідэнтыфікацыйная і, нават, контамінацыйная [[2]].

 

Калі мы зразумеем гэтыя пачаткі сучаснага канстітуцыйнага права і паліталогіі, то зразумеем чаму канстытуцыі некаторых свецкіх дзяржаваў Еўразвязу ставяцца з асаблівай увагай да рэлігійных традыцыяў, не баючыся згубіць сваёй свецкасці [[3]].

 

Ды й зразумеем чаму Беларусь застаецца свецкай краінай не гледзячы на тое, што арт. 16. Канстытуцыі Беларусі абвяшчае:

 

“Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа” [выдзел. мной – А.Н.]

 

Такім чынам, свецкая дзяржава дае магчымасць вернікам на роўных з атэістамі і антыклерыкаламі ўдзельнічаць ў прававым жыцці краіны, а не пазбаўляе іх права на грамадзянскую актыўнасць! Свецкі – не значыць “савецкі”, таварышГарбацкі! 

 

І праваслаўна-каталіцкая заканадаўчая ініцыятыва пайшла свецкім шляхам – праз свецкія прававыя інстытуцыі ўзгаднення. У сваю чаргу, у спадара палітолага маецца права ўзначаліць іншую грамадскую супольнасць, каб тым жа шляхам выказаць сваю нязгоду з прапанаванымі зменамі ў закон “Аб ахове здароўя”.

 

Дарэчы, чаму нязгоду?! Калі спадар Гарбацкі сапраўды вызнае непахіснымі асноўныя правы чалавека, зафіксаваныя ў міжнародных дакументах, то ён, абараняючы неад’емнае права на жыццё, павінен настойваць не толькі на адмене смяротнага пакарання, аднак і на адмене легалізаванага забойства немаўлятаў.

 

І калі дэмакратыя для Уладзіслава Гарбацкага не канва для моднай рыторыкі, а жывая палітычная святыня, то ён у першых радах павінен адстойваць права грамадзянскай большасці Беларусі нармаваць каштоўнасна-прававое поле ўласнай Краіны. У тым ліку, права большасці лічыць тыя, ці іншыя паводзіны аксіялагічна і сацыяльна дэвіянтнымі – небяспечнымі для маральна-дэмаграфічнай сітуацыі. Бо няма аніякай дэмакратыі там, дзе меньшасць навязвае прававыя нормы большасці. Талерантнасць гэта ўзаемная павага пры прызнанні прававой перавагі за дэмакратычнай большасцю. Давайце пакінем беларусам права будаваць Краіну як дом талерантнасці, а не як “дом цярпімасці”!

 


 

[1] Р. В. Енгибарян, Э. В. Тадевосян. Конституционное право. Учебник для вузов. М.: Юристъ, 2000. — 492 с.

[2] Понкин И.В. Правовые основы светскости государства и образования. М.: Про-Пресс, 2003. 416 c.

[3] Напрыклад, Канстытуцыя Польшчы, хаця і замацоўвае аддзяленне рэлігій ад дзяржвы, аднак пазначае, што “Адносіны паміж Польскай Рэспублікай і Каталіцкай Царквой вызначаюцца міжнароднай дамовай, заключанай са Святым Прастолам, і законам” (арт. 26.4).

Канстытуцыя Іспаніі сцвярджае, што: “Ніякае вераванне не можа мець характару дзяржаўнай рэлігіі” І тут жа працягвае: “Публічныя ўлады павінны прымаць да ўвагі рэлігійныя вераванні іспанскага грамадства і падтрымліваць вынікаючыя з гэтага стаўлення супрацоўніцтва з каталіцкай царквой і іншымі канфесіямі” (арт. 16.3)

Паводле Канстытуцыі Бельгіі: “Школы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі ўладамі, прадстаўляюць аж да канца абавязковага школьнага навучання выбар паміж адной з прызнаных рэлігій і выкладаннем неканфесійнай маралі” (арт. 24.1) І таксама: “Усе навучэнцы, якім прадпісана абавязковае школьнае навучанне, маюць права на духоўнае і рэлігійнае навучанне за кошт супольнасці” (арт. 24.3)

 

Аўтар – сябар БХД, пісьменнік Алег Нагорны

Болей навін