Змітра Дашкевіча прывезлі ў гарадзенскую турму
Агенцтва БелаПАН паведамляе, што лідэр міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) і сябар БХД Дзмітрый Дашкевіч прыбыў у гарадзенскую турму № 1. Як напісала ў Фэйсбуку нявеста Змітра Наста Палажанка, гэтую інфармацыю сёння пацвердзілі ў адміністрацыі турмы.
Сябры Дашкевіча мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, яго даставілі ў Гародню ў ноч з 7 на 8 лістапада.
Пра тое, што палітвязень 7 ці 8 лістапада павінен быць дастаўлены ў гарадзенскую турму, Анастасіі паведамілі ў мінулы аўторак.
Зміцер Дашкевіч была затрыманы разам з яшчэ адным актывістам “Маладога фронту”, Эдуардам Лобавым у Менску 18 снежня 2010 года, па абвінавачванні ў збіцці двух мужчын. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную меру па “зачыстцы” грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прызнаў Дашкевіча вінаватым, прысудзіўшы яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча палітвязням.
Першапачаткова лідэр “Маладога фронту” адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе. Дашкевіча перавялі ў мазырскую калонію № 20.
30 Кастрычніцкі суд Мазырскага раёна зноў прызнаў Дашкевіча злосным парушальнікам рэжыму і прыняў рашэнне аб яго пераводзе ў турму.