Вечарына памяці айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага ў барысаўскім касцёле (Фота)

14 лістапада 2012 13:56  |  Культура

Напачатку лістапада ў барысаўскім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі пасля вечаровай імшы адбылася вечарына памяці двух выбітных беларускіх грамадcка-палітычных і рэлігійных дзеячоў, айцоў-заснавальнікаў БХД ксяндзоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

У вечарыне, якая праводзілася пры падтрымцы культурніцкай кампані «Будзьма беларусамі», узялі ўдзел гісторык, рэдактар часопіса «Arche» Алесь Пашкевіч і бард-спявачка, паэтка, арганістка менскага Чырвонага касцёла Марыя Новікава. Вёў сустрэчу айцец Вячаслаў Пялінак.

Айцец Вячаслаў распавёў пра сваю вандроўку на месцы Тайцшэцкіх лагероў пад Іркуцкам, дзе знайшоў апошні спачын рэпрэсаваны савецкімі ўладамі айцец Адам Станкевіч, які памёр у ГУЛАГу.

Гісторык Алесь Пашкевіч распавёў парафіянам пра жыццё і дзейнасць на карысць Бога і Бацькаўшчыны айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. Спадар Алесь быў рэдактарам збору гістарычных, аналітычных публіцыстычных і рэлігійных твораў айца Адама Станкевіча «З Богам да Беларусі», які выйшаў у 2008-м годзе, а таксама з яго ўдзелам падрыхтаваны да друку аналагічны збор пісьмовай спадчыны айца Вінцэнта Гадлеўскага.

Паэтка, музыка і бард Марыя Новікава прэзэнтавала сваю паэтычна-музычную нізку твораў «Дзяды», якая была вельмі прыхільна сустрэтая слухачамі. А яе бардаўскі спеў «Размаўляй са мной па-беларуску» барысаўскія вернікі сустрэлі гучнымі воплескамі.

Напрыканцы вечарыны была праведзеная віктарына па пытаннях паводле жыццёвага шляху айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага і разыграныя прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі». Парафіяне шчыра дзякавалі ўсім удзельнікам і арганізатарам вечарыны, а прысутныя вернікі іншых парафіяў запрашалі зладзіць падобныя імпрэзы на сваіх парафіях.

Нагадаем, у 2012 годзе споўнілася 120 год з дня нараджэння грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка,  выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча (6.01.1892 – 29.11.1949). Таксама напрыканцы гэтага году споўніцца 70 год з дня пакутніцкай смерці ад рук гітлераўскіх карнікаў іншага беларускага грамадскага і палітычнага лідэра, перакладчыка Новага Запавету на беларускую мову, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (16.11.1888 – 24.12.1942). З гэтай нагоды быў створаны аргкамітэт ушанавання іх памяці з прыцягненнем шырокай беларускай грамадзкасці і прадстаўнікоў Каталіцкага касцёлу. Цягам усяго году ў Менску і іншых мясцінах Беларусі, а таксама ў Вільні і Варшаве праводзяцца шматлікія мемарыяльныя мерапрыемствы.

Болей навін