Рымашэўскі: Гандаль з дыктатурай яшчэ адгукнецца еўрапейцам
Нельга гандляваць з краінамі, канкурэнтаздольнасць прадукцыі якіх дасягаецца за кошт «прыгоннага права», лічыць палітык.
«Гандаль Еўразвяза з такімі краінамі як Беларусь, Кітай або іншымі краінамі, дзе жорстка парушаюцца правы чалавека і канкурэнтаздольнасць прадукцыі якіх дасягаецца за кошт таннай працоўнай сілы або за кошт «прыгоннага права», адбіваецца на дабрабыце саміх еўрапейцаў», – заявіў сайту charter97.org сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі.
Па словах палітыка, гандаль ЕЗ з Беларуссю супярэчыць еўрапейскім прынцыпам:
«Гандаль з такімі краінамі як Беларусь не сумяшчальны з палітыкай Еўрапейскага звяза, якая была задэклараваная шэрагам міністраў эканомікі краін-членаў Еўразвязу».
Калі гандляваць з краінамі, дзе выкарыстоўваецца рабская праца, у выніку туды прыйдзецца вывесці вытворчасць, упэўнены Віталь Рымашэўскі:
«Калі гандляваць з такімі краінамі без умовы выканання ў іх правоў чалавека, то гэта прывядзе да таго, што з’явяцца праблемы ў самім Еўрапейскім звязе. Таму што прадукцыя Еўразвяза стане неканкурэнтаздольнай і адбудзецца вываз вытворчасці ў краіны трэцяга свету. Ад гэтага ў выніку пацерпяць не толькі простыя беларусы, але і простыя еўрапейцы».
Ад росту тавараабароту Беларусі і Еўропы выйграе толькі дыктатура, лічыць сустаршыня БХД:
«Я б сказаў, што такая палітыка не ідзе на карысць ні для беларускага народу, ні еўрапейскім народам. Ад гэтага выйграюць толькі кіруючыя алігархі і кіруючая эліта, якая нажываецца за кошт прыгнёту простых грамадзян, такіх як беларусы, кітайцы ці іншыя народы іншых краін свету».
Нагадаем, сёння стала вядома, што ў бягучым годзе тавараабарот Беларусі з краінамі Еўразвяза дасягнуў рэкордных паказчыкаў за апошнія гады. Як заяўляе прэм’ер-міністр, узаемны гандаль паміж Беларуссю і Еўропай вырасце на 19%. «У гэтым годзе мы зможам выйсці на $25 млрд. узаемнага гандлю з краінамі Еўразвяза», – заявіў Міхаіл Мясніковіч.