Віншуем Зьмітра Дашкевіча і Насту Палажанку!
Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя віншуе са шлюбам лідараў “Маладога Фронту” палітвязьня Зьмітра Дашкевіча і Насту Палажанку.
Наста ўзяла прозвішча мужа, а пасля шлюбу маладым дазволілі пабыць разам толькі 10 хвілін. Аднак шлюб даў права на спатканне – першае за два гады. Ва ўмовах гарадзенскай турмы строгага рэжыму гэта – 2 гадзіны праз шкло, і тое не адразу. Але Наста Палажанка, якая ад сённяшняга дня стала Настай Дашкевіч, лічыць гэтыя падзеі Божым цудам на Каляды і іх са Змітром вялікай перамогай.
“Мы спрабавалі некалькі разоў дагэтуль падаць заяву і распісацца. Але ў нас не атрымоўвалася – ці Змітра пераводзілі, ці нам адмянялі, ці яшчэ нейкія прычыны знаходзілі”, – кажа Наста Дашкевіч.
Больш чым год ім замінала фармальнасць – Змітру так і не вярнулі пасля суда пашпарт. Хоць Наста нават знайшла дакумент – убачыла ў кабінеце ў следчага КДБ. Але і гэта не дапамагала.
Наста Дашкевіч: “Калі мне паказвалі асабістыя рэчы Дашкевіча – сярод іх былі ягоны заплечнік і ягоны пашпарт. Але ніхто яго дасылаць Дашкевічу ў калонію не збіраўся – бо яны цудоўна разумелі, што гэта дасць магчымасць нам распісацца. Мы з адвакатам больш за паўгода пісалі скаргі ў розныя структуры з просьбаю вярнуць пашпарт. Нарэшце Генпракуратура напісала нам, што “дакладнае месцазнаходжанне пашпарта ўказаць альбо пацьвердзіць не ўдалося”. З гэтай паперай мы звярнуліся ў калонію з просьбай аднавіць зняволенаму пашпарт”.
Калі пашпарт быў адноўлены, былі доўгія затрымкі, зрывы і пераносы, пакуль нарэшце Наста не пачула ў ЗАГСе дату: 19 снежня.
Наста Дашкевіч: “Тое, што зараз здарылася, я лічу Божым цудам. Бо першапачаткова шлюб мусіў быць 19 снежня. Я падала дакументы 12.12.12 – і мне сказалі, што дата 19 снежня. Я спачатку напружылася, бо гэта было праз тыдзень, я была прастуджаная, і галоўнае – 19 снежня гэта адна з самых трагічных дат у нашым жыцці. Але сітуацыя вырашылася за мяне – патэлефанавалі з гарадзенскага ЗАГСа і паведамілі, што 19 нічога не адбудзецца, бо ў іх Дзень ЗАГСа. І наш роспіс пераносіцца на 26 снежня”.
Наста не верыла да апошняга, круціла ў галаве два варыянты – альбо новы зрыў і перанос, альбо ўсё-ткі Божы цуд на Каляды.
Наста Дашкевіч: “Я прыехала ў гарадзенскі ЗАГС, аддала свой пашпарт – і пераканалася, што ўсё ў парадку. У гэтым пашпарце мне адразу ж першай паставілі штамп пра тое, што Дашкевіч з’яўляецца маім мужам. Я яшчэ пажартавала, што цяпер у Дашкевіча не будзе варыянтаў!.. Пасля гэтага мы з супрацоўніцай ЗАГСа пайшлі ў гарадзенскую турму”.
Наста нават пасля гэтага была гатовая да падвоху – надта ўжо марудна і доўга супрацоўнікі турмы спраўджвалі, ці ўсе дакументы ў парадку…
Наста Дашкевіч: “Мяне завялі ў пакой першай, каб я чакала Змітра. Ён зайшоў, зняў на аўтамаце шапку і сказаў: “Нічога сабе!” Ён, відаць, таксама думаў, што зноў пабачыць адваката, які паведаміць, што нічога не атрымалася… Потым мы падыйшлі да стала, была стандартная прамова супрацоўніцы ЗАГСа. Потым спыталіся, якое я бяру прозвішча. Узнікла невялікая паўза – хоць мы са Змітром неаднаразова абмяркоўвалі ў лістах гэты момант. Безумоўна, я сказала, што бяру прозвішча Дашкевіч! Ён вельмі ўзрадваўся! Як я потым пажартавала, раней у рэжыма быў адзін Дашкевіч – адна праблема. А зараз стала дзве! Потым да стала падыйшлі сведкі – супрацоўнікі калоніі. І Зміцер нават жартам сказаў ім: праз год будзем святкаваць, мы ж цяпер як адна сям’я – і ўсе рассмяяліся!”.
Наста апавядае, што ўсё адбылося вельмі хутка. 5 хвілін – сама рэгістрацыя шлюбу. Яшчэ 5 ім далі пабыць разам. Потым супрацоўнікі турмы выбачыліся і вывелі Дашкевіча з пакоя. У калоніі, дзе быў Дашкевіч раней, пасля шлюбу ім бы належала трохдзённае спатканне. Тут – 2 гадзіны праз шкло. І тое, па нейкіх прычынах у дзень вяселля яго не далі, сказаўшы “пісаць заяву – і будзе ў бліжэйшы час”…
За гэтыя 10 хвілін Наста старалася наглядзецца на свайго каханага, якога бачыла 2 разы за 2 гады – на судзе і на пахаванні Змітровай матулі.
Наста Дашкевіч: “Я была шакаваная, пабачыўшы Змітра. Прыемна шакаваная. Для мяне гэта абсалютна той жа чалавек, з якім мы развітваліся. Калі мы сядзелі і размаўлялі, было ўражанне, што я бачыла яго ўчора. Не верылася, што гэта чалавек, які прайшоў такія цяжкія і жахлівыя выпрабаванні. Я пазнавала яго мяккі любячы позірк, пазнавала яго… Хоць ён вельмі схуднелы, вельмі бледны. Я здзівілася, што ён паголены налыса – бо ён пісаў, што хоча хоць троху адгадаваць валасы да гэтай падзеі. Але яму пагражалі, што надзенуць на яго кайданкі і прымусяць галіцца”.
Нарэшце статус “нявеста Дашкевіча”, з якім Наста жыла амаль два гады, змяніўся на “жонка”. Што яшчэ выйгралі маладыя ад вяселля за кратамі?
Наста Дашкевіч: “Гэта быў адзіны шанец убачыць яго. І гэта самы лепшы падарунак, які мы маглі зрабіць адно аднаму на Раство і Новы год. Гэта вельмі важна для мяне, што з сённяшняга дня і назаўжды мы – муж і жонка. Я мела магчымасць хоць бы проста дакрануцца да яго. Таксама я маю права цяпер на некалькі, няхай і кароткіх, але сустрэчаў, якіх мы былі пазбаўленыя ўвесь гэты час”.
Зразумела, Наста не надзявала белую сукенку – найперш, гэта недарэчна ў турме, дзе жаніха прыводзяць у робе. Да таго ж, сапраўднае вяселле – наперадзе.
Наста Дашкевіч: “Гэта важны крок, але галоўнае вяселле наперадзе. Мы са Змітром чакаем вянчання, каб мы сталі сапраўднымі мужам і жонкаю перад Нябёсамі”.
Вяселле адбылося ў пэўнай таямніцы – Наста да апошняга не казала нікому, каб не сурочыць. Нават бацька дазнаўся ўжо па факце.
Наста Дашкевіч: “Бацька фактычна здагадаўся, у чым справа. Я патэлефанавала і сказала, што еду з Гародні, але без адваката. Ён адразу і запытаўся: “Як справы ў Дзімы?..” Я адказала, што Дзіма ззяе. А дома я паказала пасведчанне – і бацька павіншаваў мяне. Дарэчы, Дзіма ў лісце прасіў згоды майго бацькі на гэты шлюб – і атрымаў яе”.
Наста кажа, што ёй удалося захоўваць спакой увесь час цырымоніі. І толькі ў адным моманце яна дрыгнула.
Наста Дашкевіч: “Калі яго пачалі ўводзіць ад мяне – я зразумела, што казка скончылася. Зразумела, што наперадзе яшчэ час да жніўня. Як максімум – альбо як мінімум”.
18 снежня 2012 года Зміцер Дашкевіч мусіў выйсці на свабоду. Калі б з яго не зрабілі “злоснага парушальніка” і не дадалі яшчэ год турмы строгага рэжыму.
Змітра Дашкевіча схапілі 18 снежня 2010 года і абвінавацілі ў збіцці невядомых, асудзіўшы на 2 гады зняволення. Наста Палажанка была схопленая на наступны дзень, 19 снежня 2010 года пасля Плошчы, правяла 2 месяцы ва ўнутранай турме КДБ, была асуджаная на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1 год.