БХД віншуе каталікоў з абраннем новага Папы Рымскага
Пурпураты абралі аргентынскага кардынала Хорхэ Берголіа 266-м Наступнікам св. Пятра. Новы Папа выбраў сабе імя Францішак. Аб гэтым абвясціў у 20.11 па рымскім часе з балкону цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран, які, звяртаючыся да сабраных, прамовіў традыцыйную формулу: “Habemus Papam!” (У нас ёсць Папа), а затым назваў імя новаабранага Пантыфіка.
Адразу пасля гэтага на балконе  з’явіўся сам Папа, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім сваё першае  апостальскае благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Францішак І таксама  звярнуўся да сабраных вернікаў. Ён пажартаваў, што, каб “даць Рыму  Біскупа (…) браты-кардыналы скіраваліся “аж на край свету”. Ён  падзякаваў жыхарам Вечнага Горада за адкрытасць і заклікаў памаліцца за  Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Пасля чаго разам з усімі прамовіў “Ойча  наш”, “Вітай Марыя” і “Хвала Айцу”. Пасля малітвы Святы Айцей адзначыў,  што з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові  паміж ім і народам. Ён заклікаў маліцца, каб ва ўсім свеце настала  сапраўднае братэрства. Пантыфік папрасіў у цішыні памаліцца за яго.  Пасля чаго ўдзяліў сабраным благаслаўленне і прызнаўся, што заўтра  адправіцца памаліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. “Дзякуй за вашу  адкрытасць. Маліцеся за мяне і да хуткай сустрэчы. Дабрай ночы і добрага  адпачынку”, сказаў на развітанне папа Францішак І. 
Такім чынам,  266-ы Рымскі Пантыфік быў абраны на працягу трэццяй сесіі ў другі дзень  галасавання. Несумненна, гэты канклаў увойдзе ў гісторыю як адзін з  самых хуткіх па працягласці.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя віншуе ўсіх каталікоў з абраннем новага Папы Рымскага Францішка І.



