Фюле: Адносіны Беларусі і ЕС залежаць толькі ад рашэння па палітвязнях
Еўракамісар па
пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле пра перспектывы
праграм Еўрасаюза ў Беларусі.
Перспектывы адносін Еўрасаюза і Беларусі вялікія, але яны залежаць
толькі ад рашэння беларускіх уладаў наконт палітычных зняволеных. Пра гэта ў
размове з карэспандэнтам Еўрарадыё заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і
палітыкі добрасуседстваШтэфан Фюлепадчас Саміта Усходняга партнёрства ў
Вільні.
Еўрарадыё: Год таму, адказваючы
на наша пытанне, Вы сказалі, што верыце ў праграму Дыялога аб мадэрнізацыі
Беларусі. Як вы сёння ацэньваеце адносіны з Беларуссю і якія перспектывы Вам
бачацца?
Штэфан Фюле:Перспектывы вялікія. Яны залежаць толькі ад
рашэння беларускіх уладаў наконт палітычных зняволеных. Тут палітыка Еўрасаюза
ясная ад самага пачатку. Як толькі не будзе палітвязняў, і пройдзе іх
рэабілітацыя, Еўрасаюз гатовы пайсці не толькі на пабудову трывалай асновы
двухбаковых адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, але і размаўляць пра рэформу
праграмы, падтрымку мадэрнізацыі Беларусі ў межах амбіцый беларускага народа.
Еўрарадыё: У той жа час
беларускія ўлады не праяўляюць інтарэсу да самога дыялогу, да Усходняга
партнёрства. Як быць, як іх зацікавіць?
Штэфан
Фюле:Дыялог на працоўным узроўні працягваецца. Тут у нас
ёсць згода і з грамадзянскай супольнасцю ў тым, што Дыялог аб мадэрнізацыі
з’яўляецца не толькі добрай платформай для нашага дыялога і сумеснай працы з
грамадзянскай супольнасцю, але таксама і прапановай для прадстаўнікоў Ураду. І
цяпер пасля таго, як мы зрабілі пэўныя прапановы, мы чакаем адказы ад Ураду,
наколькі мы зможам знайсці гэту сумесную платформу. Я думаю, што гэта было б
выгадна для ўсіх: для самога Дыялога аб мадэрнізацыі з аднаго боку і для ўсё
Беларусі, таму што гэта не дыялог дзеля дыялогу. Яго мэта зразумелая:
падрыхтаваць праграму мадэрнізацыі. А пасля, як толькі будуць умовы для яе
выканання, пачаць крок за крокам яе рэалізацыю на карысць Беларусі і яе
грамадзян.
Даведка
Еўрарадыё: “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі”стартаваў 29 сакавіка 2012 года па ініцыятывеШтэфана Фюле. Гэта праграма Еўрапейскага Саюза, якая прадугледжвае
шматбаковы абмен поглядамі і ідэямі кіраўніцтва ЕС з прадстаўнікамі беларускай
грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі аб неабходных рэформах у
краіне. Асноўныя галіны дыялогу: палітычная рэформа; рэформа судовай
сістэмы і чалавечыя кантакты; пытанні эканамічнай і галіновай палітыкі; гандаль
і рынкавыя рэформы.