Беларуская дыяспара адзначыць “Дзяды” па ўсёй Еўропе

31 кастрычніка 2014 19:49  |  Свет

Беларуская дыяспара мае намер адзначыць Дзень ушанавання
памерлых, таксама вядомы як Дзяды, у розных краінах Еўропы. Так, у Вільні
(Літва) збор прызначаны аб 11:00 каля цэнтральнага ўвахода на могілкі Роса.
Плануецца разам адведаць магілы спачыўшых беларусаў, запаліць знічы, прамовіць
за іх адыйшоўшыя душы малітвы.

 

У Варшаве (Польшча) Беларуская Нацыянальная Памяць запрашае
усіх беларусаў 2 лістапада сустрэцца аб 11:00 на пляцоўцы перад уваходам у
гандлёвы цэнтар Arkadia (al. Jana Pawła II 82), каб наведаць магілы знакамітых
беларусаў. Удзельнічаючы ў акцыі Зянон Пазьняк распавядзе пра лёсы выбітных
прадстаўнікоў беларускага народу, паведамляе БНП.

 

У Празе (Чэхія) апостальскі візітатар для грэка-католікаў
Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек адслужыць аб 11:00 Боскую Літургію ў царкве
святых Кузьмы і Дзям’яна (Vyšehradská 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na
Slovanech). Паніхіда за ўсіх памерлых пачнецца 13:30 на Олшанскіх могілках.

 

У Лондане (Вялікабрытанія) 2 лістапада паніхіда будзе
адпраўленая ля магілаў беларусаў, пахаваных на могілках сьвятога Панкрата (St.
Pancras & Islington Cemetery, Roman Road). Пачатак а 12:15.

 

У Бельгіі 2 лістапада а 12:00 Боская Літургія будзе
адслужаная ў беларускай царкве ў Антвэрпэне (Lange Beeldekensstraat 22, 2060
Antwerpen). Пасьля Літургіі вернікі накіруюцца ў Лёвэн да магілы музыкі Міколы
Равенскага, дзе будзе адпраўлена паніхіда і ўскладзеныя кветкі.

Болей навін