Лідары беларускіх партый правялі сустрэчы з кіраўніцтвам ЕС і Еўрапарламенту
Па запрашэнні Еўрапейскай Народнай Партыі адбыўся візіт у Брусель лідараў партнёрскіх партый і арганізацый з Беларусі – Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Анатоля Лябедзькі (Аб’яднаная Грамадзянская Партыя), Рыгора Кастусёва (Партыя БНФ), Юрася Губарэвіча (Рух за Свабоду).
Падчас візіту адбыліся сустрэчы з старшынём ЕНП Жазэфам Долем, яго намеснікам Яцакам Сарыюшам-Вольскім, з прадстаўнікамі кабінету старшыні Еўрапейскай Рады Дональда Туска, прадстаўнікамі кабінету па пытаннях пашырэння і добрасуседства Ёханэса Хана, кіраўніком рабочай групы Еўрапарламента па Беларусi Богданам Здраеўскiм і сябрамі групы, страшынём камiтэта па мiжнародных справах Еўрапарламента Эльмарам Брокам, Дыркам Шубелем з офіса Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы і палітыцы добрасуседства Федэрыкі Магерыні і іншымі.
Тэмы сустрэч тычыліся будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі ў бліжэйшы год, пытання санкцый, супрацоўніцтва з урадам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі, правоў чалавека і правядзення свабодных выбараў у краіне.
“Быў вельмі высокі ўзровень візіту. Тое, што будзе адбывацца ў дачыненні Беларусі, вельмі важна. Неабходна, каб супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю не пераўтварылася ў падтрымку карупцыйнай вертыкалі і рэжыму. Мы казалі аб неабходнасці размоў з грамадзянскай супольнасцю, пра тое, што наступныя крокі Еўразвяза па збліжэнні з Беларуссю мусяць быць абумоўленыя станоўчымі зменамі ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, сістэмнымі зменамі ў галіне дэмакратыі і рынкавымі рэформамі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
“Адзінства дэмакратычных сіл Беларусі, грамадзянскай супольнасці, размова з ЕС адным голасам – гэта адзіны шанец паўплываць на міжнародную палітыку, на тое, каб голас незалежнай дэмакратычнай супольнасці быў пачутым і быў важкім”, – падкрэсліў ён.