33 дарожныя знакі замест 2-х тратуараў
9 чэрвеня член аргкамітэта БХД Вольга Бугай адправіла калектыўны зварот ад імя мясцовых жыхароў з тым, каб прапанаваць Аршанскаму райвыканкаму вылучыць сродкі на канчатковае добраўпарадкаванне – кладку тратуараў па вуліцы Пралетарскай у Оршы.
На гэты ліст Вольга Бугай атрымала некалькі адказаў з райвыканкаму. У іх паказвалася, што Аддзелам Аршанскага РАУС ДАІ па вуліцы Пралетарскай на праезнай часткі плануецца зрабіць пешаходную дарожку з вылучэннем паласы для руху пешаходаў. У планах таксама ўсталяваць на вуліцы трыццаць тры дарожныя знакі. Гэта значыць, зараз пешаходы змогуць ісці па дарозе разам з машынамі “афіцыйна”, на законных падставах. Таксама паведамлялася, што ўсяго выраб і ўсталяванне трыццаці трох дарожных знакаў будзе каштаваць 40 мільёнаў рублёў. Таму ў Віцебскі аблвыканкам адпраўлена хадайніцтва аб выдзяленні сродкаў. Бо як раней паведамлялася, у бюджэце горада грошай няма.
У лістападзе прыходзіць яшчэ адзін ліст з райвыканкама з паведамленнем, што з Аршанскага райвыканкама ў Віцебскі аблвыканкам даслалі паўторнае хадайніцтва на 40 мільёнаў, каб жыхары вуліцы Пралетарскай замест бяспечных тратуараў ўбачылі 33 дарожных знака.
Таксама ў лістападзе ад імя Аршанскага райвыканкама з’явілася абвестка пра тэндар на набыццё Навагодняй гірлянды. Кошт пытання – 1 мільярд 368 млн рублёў. Няма грошай, спадары?
Пагадзіцеся, паважаныя чытачы, што сітуацыя нагадвае тэатр абсурду: жыхары просяць тратуары, а ім наўзамен прапаноўваюць усталяваць на маленькай вулачцы 33 дарожныя знакі. Гэта тое самае, калі вы прыйшлі ў краму купляць тэлевізар, а вам замест яго прапануюць чайнік, запэўніваючы, што ён лепш тэлевізара.